Кадэт Сувораўскай вучэльні зрабіў селфі на знак салідарнасці з кадетамі Ястрамбельска
Кадэт Сувораўскай вучэльні сфатаграфаваўся ў вышымайцы, а таксама са значакам, на якім адлюстравана «Пагоня». Хлопец, які зрабіў фота, напісаў так: «Менскае СВВ з Вамi! #Пагоняпобач. Ананiмна, калi ласка!»
У інтэрнэце працягваецца кампанія салідарнасці з кадэтамі. Людзі працягваюць публікаваць свае фота з выявай «Пагоні».
Радыё Свабода нагадвае, 16 кастрычніка ў сеціве выклалі фотаздымкі чатырох кадэтаў Берасцейскай абласной кадэцкай вучэльні, якія дэманстравалі майкі з «Пагоняй» пад формай. Пасля гэтага з'явілася інфармацыя, што гэтыя навучэнцы за здымак будуць адлічаныя. Пасля хвалі абурэння ў сацсетках і акцыі салідарнасці з кадэтамі Міністэрства адукацыі распаўсюдзіла заяву, што кадэтаў адлічаць не будуць.
У інтэрв'ю Naviny.by адзін з навучэнцаў сказаў, што гісторыя з фатаграфіяй мела наступствы для усіх.
Паводле яго слоў, 18 кастрычніка ў вучэльні былі зачыненыя усе дзверы, акрамя адных, якія знаходзіцца пад сталым кантролем. Зараз, каб кадэту выйсці за тэрыторыю вучэльні, трэба звярнуцца па дазвол да намесніка дырэктара. А 20 кастрычніка абвясцілі незапланаванае шыхтаванне, на якім кадэтам загадалі здаць мабільныя тэлефоны для праверкі змесціва. Пакуль кадэты былі на занятках, правяралі спальныя карпусы.
Таксама ён паведаміў, што хлопца, які выклаў фота ў інтэрнэт, няма. З ранейшымі сябрамі з вучэльні ён сувязь не падтрымлівае.
Пакінуць новы каментар