Казну папоўнілі штрафамі апазыцыянераў
Сёньня ў Віцебску актывістку Крысьціну Шацікаву пакаралі штрафам у памеры 21 базавай велічыні, або на 651 тысячу рублёў. У Менску таксама аштрафаваны сябра Партыі БНФ Андрусь Ігнатовіч.
Як стала вядома ПЦ "Вясна", у судзе Першамайскага суда Віцебска ёй прад’явілі абвінавачваньне адразу па двух артыкулах Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях: непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і удзел у несанкцыянаваным пікетаваньні. Судовае паседжаньне вяла сумна вядомая суддзя Валянціна Кісьмярошкіна.
Тым часам, сябра Партыі БНФ Андрусь Ігнатовіч засуджаны на 15 базавых велічыняў (465000 беларускіх рублёў). Суд Фрунзенскага раёну гораду Менску пастанавіў, што 15.04.2007 ў две гадзіны ночы па праспэкце Пушкіна Андрусь Ігнатовіч расклейваў улёткі з заклікам узяць удзел у мітынгу 26 красавіка. Суд дзеяньні Андруся Ігнатовіча кваліфікаваў паводле ч. 1 арт. 23.24 КаАП РБ, бо ён, паводле судзьдзі, парушыў усталяваны парадак арганізацыі й правядзеньня мітынгаў.