Казулін гатовы зноў змагацца
Па-ранейшаму вельмі сьціплыя зьвесткі адносна палітвязьня Аляксандра Казуліна. Дачка палітыка Юлія паведаміла, што днямі атрымалі ліст ад бацькі з калёніі. “Як звычайна – пра сябе інфармацыя мінімальная”, -- кажа Юля Казуліна.
“Атрымалі ад таты ліст. З большага ліст асабісты, ён болей піша пра нашу сям’ю, непакоіцца за здароўе нашай матулі. А яшчэ дадае, бачыць пэўны почарк ў тым, што Вярхоўны суд адмовіўся пераглядаць ягоную справу. Але ўсё роўна ў яго настрой добры”, -- паведаміла Юлія для “Радыё Свабода”.
Аляксандр Казулін ў зьняволеньні з красавіка мінулага году. Экс-кандыдата на прэзыдэнта асудзілі на 5,5 гадоў за арганізацыю масавых акцый пратэста.