Каліновец узначаліў дабрачынны клуб Rotary Club Warszawa City
Алеся Карцеля, які навучаўся па праграме Кастуся Каліноускага, абралі прэзідэнтам Rotary Club Warszawa City.
Ратарыянцы — гэта паспяховыя і уплывовыя людзі, якіх яднае мета служэння грамадству. Rotary International — гэта міжнародная сетка дабрачынных арганізацый, у шэрагах якой звыш мільёна сяброў.
Ратарыянцаў часта звязваюць з масонамі і нават называюць вярбовачнай базай для масонскіх арганізацый. Самы малады прэзідэнт варшаўскага ратарыянскага клуба распавёў Свабодзе пра сябе і дзейнасць гэтай таямнічай, паводле крытыкаў, арганізацыі.
Алесь Карцель — са Жлобіна. У сярэдзіне 2000-х вучыўся ў БДПУ імя Максіма Танка і Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Быў галоўным рэдактарам студэнцкай газет «Выказнік», а пазней адным з рэдактараў «Свежай газеты». За тыдзень да прэзідэнцкіх выбараў 2006 году Алеся адлічылі з педуніверсітэта.
— Пасля гэтага я трапіў у Варшаву па праграме Кастуся Каліноўскага, — распавядае Алесь, — скончыў факультэт міжнародных стасункаў Варшаўскага універсітэту. Цяпер рыхтуюся да абароны доктарскай дысертацыі пра транснацыянальныя карпарацыі ў постсавецкіх краінах.
Калі Алесь вучыўся ў Нямеччыне на курсах MBA, то адзін з яго сяброў з Мінску, чалец клуба Rotary Minsk City, распавёў пра ратарыянцаў. Дзякуючы яму Алесь далучыўся да мінскага клуба, але пасля перавёўся ў Rotary Club Warszawa City.
— Кандыдатаў запрашаюць іншыя чальцы арганізацыі. Гэта людзі розных прафесій, розных зацікаўленасцяў, але часцей за усё яны маюць уласны бізнес, альбо займаюць кіраўнічыя пасады. Трапіць у Rotary club ня проста. Трэба мець бездакорную рэпутацыю ў бізнесе і грамадскім жыцці, — тлумачыць Алесь.
Здабываць яе Карцель пачаў яшчэ на першым курсе універсітэту. Ён уладкаваўся ў call-цэнтр і прадаваў праграмнае забеспячэнне фірмам. Пасля стаў менеджэрам праектаў. Дзякуючы сваёй працавітасці Алесь заняў пасаду генеральнага дырэктара. Сёння ён узначальвае аддзел Цэнтральнай Еўропы, Блізкага Усходу і Афрыкі нямецкай кампаніі Sell Action. Паралельна разам з жонкай развіваюць уласны кансалтынгавы бізнес, а таксама выхоўваюць дваіх дзяцей. У дадзены момант, дарэчы, Алесь мае бацькоўскі дэкрэтны адпачынак.
На сустрэчу клуба можна прыйсці кожны жадаючы. У нас ёсць свой цырыманіял
— Клубам Rotary International больш за 100 гадоў. Мы рэалізуем дабрачынныя праекты кожны ў сваёй краіне і супольныя міжнародныя праекты. Разам з клубам з Берліна і Мілану мой варшаўскі клуб сабраў грошы на пабудову мосту ў В'етнаме, каб дзеці хадзілі па ім у школу. Цяпер мы будуем жаночы шпіталь у Сенегале і абсталёўваем хоспіс у Ізраілі.
Сябры ратарыянскіх клюбаў не атрымліваюць заробкаў. Яны ашчаджаюць сродкі, якія пазней выдаткоўваюцца на дабрачынныя мэты. Грошы на праекты ратарыянцы збіраюць праз складкі і ахвяраванні ад прыватных спонсараў.
Ратарыянскі рух часта называюць вярбовачнай пляцоўкай для масонскіх арганізацый. Алесь з усмешкай ставіцца да гэтых закідаў.
У беларускіх шпіталях можна карыстацца ложкам, вырабленым яшчэ ў СССР, але атрымаць ложак з-за мяжы, якому 5 гадоў, ужо немагчыма
— Гэта выдумкі. Камусьці падаецца, што гэта закрытая арганізацыя. Але пра Rotary club вельмі проста даведацца з нашых сайтаў. На сустрэчу клуба можна прыйсці кожны жадаючы. У нас ёсць свой цырыманіял. Кожнае спатканне пачынаецца з удару ў невялікі звон. Гэтак жа і завяршаецца. Кожны клуб мае свой сцяг. Кожны чалец клуба носіць значак Rotary на пінжаку. У кагосьці гэта можа выклікаць падазронасць, бо ня усе людзі разумеюць, як гэта можна дапамагаць іншым і не атрымліваць заробку. Для мяне ж гэта толькі магчымасць дапамагаць іншым.
Алесь кажа, што ў варшаўскага клюбу ёсць праекты і для Беларусі. Але вялікай перашкодай з'яўляецца мяжа. Rotary Club гатовы ужо сёння перадаць адмысловыя ложкі ў беларускія шпіталі альбо ў дамы для састарэлых. Але беларускае заканадаўства вельмі спецыфічнае.
— У беларускіх шпіталях можна карыстацца ложкам, вырабленым яшчэ ў СССР, але атрымаць ложак з-за мяжы, якому 5 гадоў, ужо немагчыма. Мыта вельмі вялікая. Я па сумяшчальніцтве з'яўляюся кіраўніком камітэту Польшча-Беларусь у польскім Rotary club і таму спрыяю кантактам. Нядаўна менскі клуб у супрацы з польскім пасольствам у Менску пабудаваў пякарню ў адным з дзіцячых дамоў пад Менскам і замянілі ў доме усе вокны.
У Беларусь Алесь вяртацца пакуль не збіраецца. Кажа, што вырашыў застацца ў Польшчы, бо ня змог бы зрабіць такую карʼеру дома.
Па дадзеных Rotary International, па ўсім свеце існуюць больш за 33 000 клубаў. Паводле дакументаў арганізацыі, яе асноўнай мета з'яўляецца абʼяднанне прафесіяналаў і бізнесменаў для ажыццяўлення гуманітарных праектаў, развіцця высокіх этычных стандартаў у прафесійнай сферы і дапамогі ва ўсталяванні міру на усёй планеце.
Паводле Радыё Свабода
Пакінуць новы каментар