Камітэт падсумоўвае вынікі за год

Амаль год назад быў створаны Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”, які паставіў перад сабой мэту дапамагаць грамадзянскім актывістам. Тым, хто актыўна ўдзельнічае ў дэмакратычным руху і за гэта падпадае пад рэпрэсіі з боку рэжыму. Сёньня мы падсумоўваем вынікі сваёй работы за год.
Аналітычны матэрыял, які мы падрыхтавалі, дазваляе зрабіць высновы пра формы рэпрэсіяў рэжыму супраць актыўных грамадзянаў, прыналежнасьць рэпрэсаваных грамадзянаў да партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, вызначыць узрост, ступень адукацыі, полавую прыналежнасьць рэпрэсаваных, а таксама прааналізаваць дапамогу, што аказвалася Камітэтам ахвярам рэпрэсіяў.
За гэты пэрыяд да нас зьвярнуліся больш за тысячу чалавек (на 28 лютага 2007 года – 1028 чалавек). У асноўным гэта былі маладыя людзі ў веку 19-25 год (62 %), якія былі адлічаныя з ВНУ. Пасьля сакавіцкіх падзеяў 2006 года па краіне прайшло некалькі хваляў адлічэньняў. Дзякуючы салідарнасьці эўрапейскіх краінаў большасьць з тых, хто зьвярнуўся да нас, змаглі працягнуць адукацыю ў іншых унівэрсытэтах. Пасьля студэнтаў самую вялікую групу рэпрэсаваных складаюць актывісты, звольненыя з працы.

Асноўныя патрабаваньні рэпрэсаваных па стане на сёньняшні дзень:
-адукацыя (50%);
-праца (21%);
-матэрыяльная падтрымка (9%);
-мэдычная рэабілітацыя (8%);
-візавая падтрымка (4%).

На жаль, мы яшчэ ня можам цалкам задаволіць гэтыя патрэбы. Аднак салідарнасьць грамадзянаў эўрапейскіх дзяржаваў з нашымі грамадзянамі расьце і мы працягваем нашую працу.

Справаздачу можна скачаць тут