Камітэт “Салідарнасць” падрыхтаваў аналітычны агляд адвольных звальненняў за 2012-2015 гады
У дакуменце апісаныя механізмы, практыка і фактычныя прычыны рэпрэсіўных звальненняў, метады супрацьдзеяння рэпрэсіўным звальненням, ацэнены перспектывы далейшага працаўладкавання ахвяр рэпрэсіўных звальненняў.
Ключавая выснова, якая вынікае з аналізу практыкі звальненняў, палягае ў тым, што асноўным рэпрэсіўным механізмам, скарыстаным уладамі для ціску на сябраў незалежных прафсаюзаў, грамадскіх актывістаў і іншадумцаў, з'яўляецца існуючая кантрактная сістэма, якая дазваляе без тлумачэння прычын і абсалютна законна не працягваць працоўны кантракт пасля заканчэння тэрміну яго дзеяння. Службовыя асобы атрымалі ў сваё распараджэнне нічым не абмежаваны механізм для ажыццяўлення дыскрымінацыі ў дачыненні да непажаданых падначаленых.
Захаванне кантрактнай сістэмы ў яе цяперашнім выглядзе робіць работніка заведама залежным ад наймальніка і першапачаткова ставіць яго ў становішча дыскрымінаванага.
Ва ўмовах, калі пераважная большасць вакансій на рынку працы кантралюецца дзяржавай, падобная залежнасць аўтаматычна азначае наяўнасць прамой сувязі паміж захаваннем за работнікам яго працоўнага месца і тым, наколькі дадзены работнік лаяльны дзяржаве і палітыцы, што ёй праводзіцца.
Складальнікі аналітычнага агляду рэкамендуюць дзяржаве адмовіцца ад кантрактнай сістэмы ў яе цяперашнім выглядзе. Альтэрнатывай мог бы стаць пераход да сістэмы найму на падставе загаду наймальніка (працадаўцы) аб прыёме на працу з наступным рэгуляваннем працоўных адносін на падставе палажэнняў Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Асноўная рэкамендацыя, якая даецца патэнцыйнай ахвяры палітычна матываванага звальнення, заключаецца ў тым, што пры ўзнікненні пагрозы такога звальнення неабходна з дапамогай журналістаў і сучасных сродкаў камунікацыі максімальна агалошваць інфармацыю пра ўзніклую сітуацыю, прыцягваць да яе ўвагу грамадскасці і праваабарончых арганізацый.
Азнаёміцца з Аналітычным аглядам адвольных звальненняў у Рэспубліцы Беларусь (2012-2015) цалкам можна тут.
Пакінуць новы каментар