Катаванні ў беларускіх турмах пад увагай ААН
Праблему катавання ў беларускіх турмах разгледзеў на сваёй сесіі 10-12 лістапада ў Жэневе Камітэт ААН супраць катаванняў.
Як паведаміла кіраўніца Камітэту “Салідарнасьць” Іна Кулей , альтэрнатыўны даклад быў падрыхтаваны шасцю недзяржаўнымі арганізацыямі: Камітэтам «Салідарнасьць», Прававой ініцыятывай, Беларускім Хэльсінскім Камітэтам, Цэнтрам прававой трансфармацыі, Платформай і Праваабарончым цэнтрам «Вясна». Гэтую справаздачу беларускіх праваабаронцаў у Жэневе заслухалі першай, каб потым параўнаць з дадзенымі, прадстаўленымі у афіцыйным дакладзе.
Канвенцыю ААН супраць катаванняў Беларусь ратыфікавала ў 1987 годзе.
У ёй падкрэсліваецца, што свабода ад катаванняў носіць абсалютны характар і не падлягае абмежаванням ні пры якіх умовах. Ужыванне катаванняў забароненае артыкулам 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама шэрагам міжнародных актаў у галіне правоў чалавека, якія ратыфікавала Беларусь.
Аднак у альтэрнатыўным дакладзе адзначаецца, што ў беларускім заканадаўстве дасюль адсутнічае азначэнне тэрміну «катаванне» ў такім сэнсе, як гэта зроблена ў Канвенцыі. Таму беларускія суды ў сваёй практыцы не карыстаюцца нормамі Канвенцыі ў адносінах да дзеянняў, якія можна кваліфікаваць як катаванні.
Беларускія праваабаронцы атрымліваюць шматлікія скаргі аб прымяненні катаванняў у праваахоўных органах.
Быў пададзены шэраг скаргаў аб ужыванні катаванняў падчас затрыманняў 19 і 20 снежня 2010 году пасля прэзідэнцкіх выбараў. Неабгрунтаваны гвалті жорсткае стаўленне ўжывалася да кожнага чацвёртага затрыманага падчас акцыі пратэсту, пры гэтым акты гвалту суправаджаліся абразамі і прыніжэннем пры затраманнях, транспарціроўцы, афармленні пратаколаў адміністрацыйнага затрымання. У шэрагу выпадкаў затрыманыя атрымалі фізічныя траўмы і пашкоджанні.
Паводле сведчанняў аб умовах утрымання ў СІЗА №1 і СІЗА КДБ, многія камеры перапоўнены ў 2 -3 разы, не хапае месцаў для сну і сядзення, адсутнічаюць санвузлы ў камерах, што таксама прыраўноўваецца да катаванняў.
У дакладзе прыведзены шматлікія прыклады. Так пасля заявы А. Міхалевіча аб катаваннях і жорсткім абыходжанні, прыніжаючым чалавечую годнасць, стала вядома, што ў СІЗА КДБ людзі ў масках да 6 разоў на суткі выбарча выводзілі вязней у падвальнае памяшканне. Зняволеных распраналі і ставілі на “расцяжку” ў халодным памяшканні (поза з найбольш растаўленымі рукамі і нагамі), перыядычна падсякалі ногі, змушаючы іх раставіць амаль да поўнага шпагату на адлегласці каля метра ад сцяны. Сведчанні А.Міхалевіча знайшлі свае пацверджанне ў заяве А.Саннікава, былі сцверджаны А.Атрошчанкавым, У.Някляевым, А.Лябедзькам, А.Фядутам і іншымі зняволенымі .
Пенітэнцыярная сістэма Беларусі зачыненая для грамадскага кантролю, што не дазваляе ў дастатковай ступені даследаваць умовы ўтрымання зняволеных. Прымяненні службовымі асобамі катаванняў і жорсткага абыходжання з арыштаванымі носіць латэнтны характар, інфармацыя пра гэта рэдка становіцца прадметам галоснасці.
-- Ўсе адзначаюць, што справаздача, якую мы тут зрабілі, вельмі важная,--заявіў для “Свабоды” кіраўнік Платформы Андрэй Бандарэнка, які удзельнічаў у сесіі ААН разам з прадстаўнікамі камітэта “Салідарнасьць” і БХК. -- Наша справаздача адбылася ўчора, а сёння дакладчыкі па краінах задалі пытанне афіцыйнай беларускай дэлегацыі і ўзнялі ўсю тую праблематыку, над якой працуюць праваабаронцы.
Мы спадзяемся, што беларускі бок выслухае ўсе тыя пытанні, якія задалі дакладчыкі па краінах і прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў, прыслухаецца да тых пытанняў, і з праблемай катаванняў у Беларусі ў рэшце рэшт будзе скончана. Спадзяюся, што тыя людзі, якія на сённяшні дзень яшчэ застаюцца ў месцах зняволення, адчуюць палёгку.
Цалкам альтэрнатыўны даклад глядзіце тут.
Пакінуць новы каментар