КДБ пацягнула на размовы
Актывіста гарадзенскага Руху «За Свабоду» Эдуарда Дзьмухоўскага запрасілі па тэлефоне ў мясцовы КДБ.
– Чалавек, які мне званіў, прадставіўся супрацоўнікам КДБ і прапанаваў сустрэцца ў яго ў кабінэце, каб “паразмаўляць”. Я адразу адмовіўся прыняць яго запрашэньне і параіў яму выклікаць мяне з выкананьнем усіх адпаведных працэдур, – распавядае спадар Дзьмухоўскі.
Па словах Эдуарда Дзьмухоўскага, катэгарычная адмова выклікала нервовую рэакцыю супрацоўніка спэцслужбы. Кадэбіст пачаў тлумачыць, што мае права выклікаць людзёў на гутарку па тэлефоне і нават пагражаў за ігнараваньне ягонай прапановы адміністратыўнай адказнасьцю.
Паводле праваабаронцаў, супрацоўнікі дзяржбяспекі практыкуюць запрашэньні на размовы ў тых выпадках, калі няма законных падставаў для выкліка чалавека павесткай, бо не распачата ніякай крымінальнай альбо адміністратыўнай справы.
Паводле milinkevich.org