КДБ цікавіцца сэмінарамі, незалежнай прэсай і Эўрапейскім маршам

mackevich.gif

Упраўленьне Камітэту дзяржбясьпекі Бабруйску выклікае на “размовы” моладзевых актывістаў.

Аднаму зь лідэраў незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Малады Фронт” і сябру аргкамітэту руху “За свабоду” Валеру Мацкевічу Камітэт дзяржбясьпекі вынес папярэджаньне аб магчымым завядзеньні крымінальнай справы за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

“Размову” праводзілі намесьнік старшыні ўпраўленьня КДБ Бабруйска маёр Сяргей Землякоў і старэйшы лейтэнант Александар Харашкевіч.

Па словах Валера Мацкевіча, чэкісты зачытвалі розныя артыкулы. Рабілі акцэнт на 342 арт. Крымінальнага кодэксу. Гаварылі аб адказнасьці за дзейнасьць ад імя незаконных аб’яднаньняў, гвалтоўны супраціў ды паклёп на ўладу.

“Шмат разоў паўтарылі, што, калі я нешта зраблю, то гэта будзе апошняя кропля. Буду вазіць літаратуру – крыміналка, буду працягваць працаваць ад імя “Маладога Фронту”– крыміналка, паеду на Эўрапейскі марш сам, ці арганізую паездку сваім сябрам – таксама крыміналка”, – расказвае Валер Мацкевіч аб сваёй размове з функцыянэрамі.

Супрацоўнікі КДБ раздрукавалі зь інтэрнэту фота з галадоўкі, на якім актывіст сядзіць побач са Зьмітром Дашкевічам у кашулях з надпісам “Малады Фронт”. Па іх меркаваньню гэта – бясспрэчны доказ удзелу ў незарэгістраванай арганізацыі. Па словах Валера, чэкістаў цікавіла й тое, як ў горад трапляе й распаўсюджваецца незарэгістраваная прэса, хто й як арганізуе розныя адукацыйныя сэмінары.

Пасьля таго як Валер Мацкевіч адмовіўся падпісаць папярэджаньне, супрацоўнікі КДБ яшчэ раз пагражалі вусна й адпусьцілі. Яны нагадалі, што ў яго заўсёды ёсьць шанец адумацца й пачаць “сябраваць” з камітэтам, які так дбае пра інтарэсы краіны.

 

Па інфамацыі Польскага рыдыё для замежжа