Крымінальная адказнасьць за галадоўку?

Жлобінскія вайскоўцы папярэдзілі Зьмітра Жалезьнічэнку пра крымінальную адказнасьць за галадоўку, якую хлопец трымае тры дні.

Тэрмінова прызваны ў войска пасьля паўторнага адлічэньня з Гомельскага дзяржунівэрсытэту імя Ф.Скарыны студэнт-выдатнік Зьміцер Жалезьнічэнка трымае галадоўку ўжо тры дні. Цяпер Зьміцер знаходзіцца ў Жлобіне, у вайсковай часьці 83469. Сюды яго прывезьлі надвечар 25 студзеня.

У мінулыя выходныя яго наведалі маці й грамадзкія актывісты. Распавядае Валер Рыбчанка са Жлобіну:

“Зьміцер прыйшоў да нас ужо ў вайсковай форме. Мы спыталіся пра ягоны настрой і самаадчуваньне. Ён скардзіўся на высокі ціск, які дактары пэрыядычна зьбіваюць лекамі. Стаўленьне да яго з боку камандзіраў часьці добрае. Умову ён ставіць такую: каб зь ім камандзіры размаўлялі й аддавалі загады на беларускай мове. У большасьці выпадкаў яны гэта робяць — аддаюць загады па-беларуску. Але наконт галадоўкі Зьміцер сказаў, што прыме рашэньне, калі атрымае ліст ад міністра абароны”.

Жалезьнічэнка яшчэ да адпраўкі ў войска даслаў ліст міністру абароны з тым, каб яму або адтэрмінавалі прызыў дзеля абскарджаньня ў судзе паўторнага адлічэньня з унівэрсытэту, або прызначылі альтэрнатыўную службу. Зьміцер паведамляў таксама, што ён зьяўляецца сябрам Партыі БНФ.

На выходных спадару Жалезьнічэнку паведамілі, што адказ на ягоны ліст зь Міністэрства абароны ўжо паступіў. І сёньня Зьміцер зь ім пазнаёміцца.

 

Камандзір часьці 83469, дзе служыць адлічаны з унівэрсытэту выдатнік, падпалкоўнік Валеры Войшаль адмовіўся што-колечы сказаць наконт зьместу ліста з вайсковага ведамства:

“Без камэнтару. У нас ёсьць прэс-цэнтар Міністэрства абароны. Тэлефануйце, калі ласка, туды”.

Кіраўнік прэс-цэнтру Міністэрства абароны палкоўнік Вячаслаў Раменчык заявіў наступнае:

“Жалезьнічэнка парушае закон. У прыватнасьці, у адпаведнасьці з артыкулам 447 Крымінальнага кодэксу ён падлягае крымінальнай адказнасьці за наўмысную шкоду свайму здароўю ў мэтах ухіленьня ад вайсковай службы. Таму сёньня яму будуць даведзеныя гэтыя патрабаваньні, і далей камандзірам часьці будуць рабіцца адпаведныя захады”.

 

Паводле Радыё Свабода