Крымінальная справа супраць Сяргея Парсюкевіча

parsiukevich.jpg

Актывіст Руху “За Свабоду” Сяргей Парсюкевіч выступіў сёньня з адкрытым лістом з нагоды ўзбуджэньня ў адносінах да яго крымінальнай справы.

 

У сваім лісьце Сяргей Парсюкевіч тлумачыць прычыны, па якіх, на яго думку, адбылася сітуацыя, у якую ён трапіў 21 студзеня 2008 года на Акрэсьціна падчас адбываньня 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Нагадаем, 13 студзеня 2008 года Сяргей Парсюкевіч быў затрыманы ў Віцебску і этапаваны ў Менск, дзе яго арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня ў Менску.

Падчас зьняволеньня Сяргей Парсюкевіч быў жорстка зьбіты. Паводле інфармацыі пацярпелага, яго збіваў адзін з супрацоўнікоў Акрэсьціна ў званьні прапаршчыка ў адным з пакояў Акрэсьціна. Сьведкамі дзеяньняў супрацоўніка турмы былі сямёра людзёў, якія бачылі як прапаршчык, па папярэдніх дадзеных, памочнік дзяжурнага, спачатку ўдарыў Сяргея Парсюкевіча, а потым загадаў яму выйсьці з камэры. Паводле Алеся Таўстыкі, аднаго са сьведкаў здарэньня, яшчэ ў камэры “прапаршчык паводзіў сябе вельмі нахабна і без аніякіх на тое падставаў ужыў фізічную сілу супраць Сяргея Парсюкевіча.”

31 студзеня па факце ўжывання супраць яго фізічнай сілы Сяргей Парсюкевіч накіраваў у пракуратуру Маскоўскага раёна Менска заяву з патрабаваньнем узбудзіць крымінальную справу на прапаршчыка Акрэсьціна за перавышэньне сваіх паўнамоцтваў.

Аднак, як стала вядома 2 сакавіка, зараз Сяргея Парсюкевіча выклікаюць у пракуратуру Маскоўскага раёну не ў якасьці пацярпелага, а па абвінавачваньні ў гвалтоўных дзеяньнях у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі.

“У краіне пануе прававое бязмежжа, а калі трапляеш за краты, ступень гэтага бязмежжа шматкроць павялічваецца... Але зьязджаць у іншую краіну і такім чынам ратавацца ад рэпрэсіяў рэжыма я не хачу. Заўтра, 4 сакавіка, (у Дзень міліцыі) я зьбіраюся ісьці ў пракуратуру. Шмат хто кажа мне, што я не маю рацыі, але для мяне Бацькаўшчына ёсьць Бацькаўшчына, а мая Бацькаўшчына – Беларусь...” – гаворыцца ў адкрытым лісьце.

Заўтра, 4 сакавіка, аб 11-ай гадзіне Сяргей Парсюкевіч наведае пракуратуру Маскоўскага раёна Мінска, куды яго выклікалі ў якасьці падазраваемага па крымінальнай справе.

 

Паводле milinkevich.org