Крымінальная справа ў адносінах да Кацярыны Садоўскай спынена
Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы праваабаронца Ігар Леднік. Справа, распачатая паводле артыкулу 368 КК РБ у дачыненні да праваабаронцы Кацярыны Садоўскай спынена ў сувязі з прымеркаванай да 70-годдзя вызвалення Беларусі амністыяй.
Ігар Леднік лічыць, што такім чынам следчыя органы выкруціліся з нязручнай сітуацыі, бо публічны працэс па такім артыкуле з агучваннем усіх матэрыялаў па справе мог бы істотна папсаваць імідж кіраўніка краіны. Да таго ж ствараць у краіне яшчэ аднаго палітвязня, улічваючы курс на нармалізацыю стасункаў з Захадам уладам зараз немэтазгодна.
Нагадаем, крымінальная справа паводле артыкула 368 ч.2 КК РБ «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» у адносінах да Кацярыны Садоўскай была распачата начальнікам Савецкага раённага аддзела Следчага Камітэта маёрам юстыцыі Агафонавым А. Д. сёлета 19 чэрвеня.
Артыкул 368 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь найбольш жорстка крытыкуецца праваабаронцамі ўсяго цывілізаванага свету, якія патрабуюць яго адмены. На думку юрыстаў, артыкул з’яўляецца наўпроставым юрыдычным інструментам пераследу за палітычныя перакананні.
Пакінуць новы каментар