Маладафронтавец атруціўся на Акрэсьціна турэмнай ежай

Актывіст незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Сяржук Клюеў знаходзіцца ў інфэкцыйным шпіталі. Хлопца арыштавалі ў судзе Савецкага раёну на 10 сутак. Яго затрымалі за распаўсюд улётак з заклікам удзельнічаць у акцыі 27 ліпеня, але ў міліцыі абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы.

У турме на вуліцы Акрэсьціна, пасьля таго як Сяржук зьеў катлету і кашу, яму стала кепска. Лекарка выклікала «хуткую», і хлопца адвезьлі ў інфэкцыйны шпіталь. Там двое сутак зь ім былі канваіры.

Сяржук апавёў, як гэта было: «Я зьеў катлету, мне стала кепска. Лекарка выклікала хуткую дапамогу. Ёй на Акрэсьціна сказалі, што мне патрэбен канвой. Калі мяне прывёз канвой, мне надзелі кайданкі і завялі ў шпіталь. Прыкавалі кайданкамі да койкі і сказалі спаць. Калі я прасіўся ў прыбіральню, яны адчынялі гэтыя замкі, а потым зноў зачынялі».

Мэдыкі робяць аналізы, і пасьля гэтага, магчыма, стане вядома, чым атруціўся ў турме Сяржук Клюеў. 
Па інфармацыі радыё Свабода