Маладзёнаў запрашаюць паўдзельнічаць у мадэляванні ААН
Мадэль ААН – гэта моладзевая ролевая гульня. У Беларусі яна ладзiцца пад эгідай “Офіса прасоўвання ініцыятываў”. Напрыканцы мінулага года прайшла першая сесія Мінскай міжнароднай мадэлі ААН (MINTMUN – Minsk Іnternational Model United Nations), якая сабрала ўдзельнікаў са школ, гімназіяў, ліцэяў і каледжаў Беларусі і Украіны.
Мадэль ААН – гэта чатырохдзённая канферэнцыя. Пошукі мірнага палітычнага рашэння канфлікту ў Сірыі, рэабілітацыя былых зняволеных у грамадскае жыццё – гэтыя і іншыя глабальныя пытанні абмяркоўваюць і вырашаюць вучні i студэнты, яны ж дэлегаты – галоўныя дзеючыя асобы ўсёй канферэнцыi.
Калісьці, на сваёй першай канферэнцыі, я была дэлегаткай ад Егіпту, а сваю прамову на адкрыцці я склала як рэкламу для патэнцыяльных турыстаў. Канечне, гэта было памылкай. На канферэнцыях па мадэляванню ААН трэба нават на пленарных паседжаннях казаць толькі заявы вашай дзяржавы кіруючыся пытаннямі парадку дня, а не агульнымі тэмамі ў выглядзе рэкламкі.
Мадэль ААН патрабуе дэталёвай падрыхтоўкі, ад узроўня якой залежыць як цiкавасць і якасць дэбатаў падчас паседжанняў, так і вынiкi канферэнцыi – шляхi вырашэння праблемы, пра якiя дамовiцца камiтэт. З гэтай прычыны заяўкі на ўдзел прымаюцца не менш чым за адзiн месяц, а то і раней.
Наша арганізацыя прапануе модульную падрыхтоўку да канферэнцый у краінах Еўропы, а таксамадва ўводныя майстар-класы для тых, хто вырашыць ўдзельнічаць у MINTMUN University Level.
Паводле статыстыкі, 65% удзельнікаў канферэнцый па Мадэляванню ААН атрымліваюць свой першы досвед публічнага выступу перад незнаёмай аўдыторыяй менавіта на сваім першым MUN’e. А 75% “першаразавых” дэлегатаў абавязкова прымаюць удзел у мадэлі ААН яшчэ раз. Акрамя таго, Мадэль ААН – гэта цудоўны шанец знайсцi новых аднадумцаў і сяброў падчас неафіцыйнай праграмы.
На мой погляд, такiя канферэнцыi – гэта ўнiкальная магчымасць адчуць сябе сапраўдным дыпламатам, зразумець, як гэта: быць чалавекам-залежнікам палітыкі той ці іншай дзяржавы, якую ты прадстаўляеш. Менавіта тады ты пачынаеш шанаваць свае словы, дзеянні, слухаць і паважаць людзей побач з табою. Такiя гульнi выхоўваюць практычную талерантнасць, а не тэарэтычную, пра якую мы ўсе любім так шмат казаць.
Вольга Хабiбуллiна, дырэктар «Офiса прасоўвання iнiцыятыў»
Паводле adukacyja.info
Пакінуць новы каментар