Маладых абаронцаў Горадні выклікаюць у КДБ і ў міліцыю

Сьледчыя цікавяцца ўдзелам моладзевых актывістаў у гарадзенскіх акцыях абароны старога гораду. Некалькіх актывістаў выклікалі на размовы ў КДБ. Яшчэ колькі чалавек накіравалі ў аддзелы ў справах непаўналетніх і на адміністрацыйныя камісіі выканкамаў. Актывістаў штрафуюць і палохаюць чорнымі сьпісамі.

Супрацоўнікі КДБ выклікалі на размовы некалькіх затрыманых раней моладзевых актывістаў кампаніі “Выратуем Горадню”. Ім раілі адмовіцца ад удзелу ў вулічных акцыях. Юнакоў палохалі тым, што яны ня змогуць навучацца і працаваць у краіне.

Гарадзенца Сьцяпана Сьвідзерскага на адміністрацыйнай камісіі райвыканкаму аштрафавалі на 40 базавых велічыняў. Паводле міліцыянтаў і супрацоўнікаў гарвыканкаму, ён сапсаваў выгляд гораду налепкамі з заклікам спыніць разбурэньне гістарычнай часткі Горадні.

Франак Вячорка ў Менску мусіць наведаць адміністрацыйную камісію Савецкага райвыканкаму. Яго затрымлівалі разам са Сьцяпанам.

Гаворыць актывіст кампаніі “Выратуем Горадню” Алесь Залеўскі:

“У гэтых акцыях удзельнічала шмат моладзі, якая раней не была заангажаваная ў палітычным жыцьці. Яны далучыліся да абароны. Цяпер, на жаль, дзяўчат і хлопцаў пачалі выклікаць на размовы ў рознага кшталту структуры.

Некалькі такіх размоваў адбылося ў КДБ, а таксама ў міліцыі, у аддзелах па справах непаўналетніх. Іх палохалі, што яны патрапілі ў нейкі сьпіс, што цяпер іх будучыня перакрэсьленая – яны нікуды не паступяць вучыцца і не ўладкуюцца на працу”.

Сябры руху “За Свабоду” і актывісты кампаніі “Выратуем Горадню” стварылі камітэт, які будзе назіраць за працэсамі над моладзевымі актывістамі і дапамагаць ім.

У гарадзенскіх акцыях бралі ўдзел моладзевыя актывісты з розных рухаў і нефармальных арганізацыяў. Моладзевая актывістка Партыі БНФ Ната Сеніна выказала “Свабодзе” сваё меркаваньне:

“Улады вельмі заклапочаныя. Яны не чакалі, што моладзь так актыўна адгукнецца на такую не зусім актуальную для моладзі праблему, як гістарычная спадчына, гістарычныя каштоўнасьці... Да таго ж, лета, калі моладзь мусіць быць у разьездах, на адпачынку. Улады баяцца палітычна актыўнай моладзі, тым больш, што наперадзе нас чакае больш актыўная восень. Гэта й акцыя супраць адмены льготаў, і эўрапейскі марш “За Свабоду”, у падрыхтоўцы якога моладзь бярэ актыўны ўдзел”.

Некалькі моладзевых актывістаў атрымалі позвы ў міліцыю й выклікі на паседжаньні адміністрацыйных камісіяў паводле месца жыхарства. Яны павінны зьявіцца туды на працягу тыдня.

Па матэрыялам радыё Свабода