Малады фронт павіншаваў Зьмітра Дашкевіча з Днём народзінаў

Другі дзень працягваецца аўтапрабег прысьвечаны дню нараджэньня Зьмітра Дашкевіча, якому сёньня спаўняецца 26 гадоў. Цяпер Зьміцер адбывае паўтарагадовае зьняволеньне ў шклоўскай калёніі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Нагадаем, што ўчора зь Менску ў аўтапрабег накіравалася чатыры машыны, якія мусілі праехаць па маршруце: Баранавічы — Нясьвіж — Салігорск — Магілёў — Шклоў. Машыны пасьпелі праехаць літаральна 20 кілямэтраў па Берасьцейскай шашы, як іх спыніў першы ж пост ДАІ. Міліцыянты папрасілі кіроўцаў паехаць за імі ў Дзяржынскі раённы аддзел міліцыі дзеля праверкі дакумэнтаў. Празь некаторы час міліцыянты сказалі, што машыны застаюцца ў іх да поўнай праверкі, а пасажыры могуць быць вольнымі.

Частка ўдзельнікаў прабегу вырашыла вярнуцца ў Менск, а частка — усё ж накіравалася ў Баранавічы на электрычках. Прыкладна апоўначы ўдзельнікі прабегу ўжо былі ўжо ў Салігорску, дзе і правялі ноч. Не атрымалася толькі заехаць у Нясьвіж да Насты Азаркі.

З раніцы частка ўдзельнікаў накіравалася на Магілёў дызелем праз Асіповічы, а яшчэ пяць чалавек меліся ехаць на машыне. Аднак аўтамабіль затрымалі за 30 мэтраў ад дому Івана Шылы. Міліцыянты сказалі, што па іх сьведчаньнях на гэтай машыне магло быць зьдзейсьнена нейкае злачынства і адвезьлі ўсіх у пастарунак. Празь нейкі час пасажыраў вызвалілі, але па ранейшаму не адпускаюць кіроўцу.
Тыя ж, хто паехаў цягніком, шчасьліва дабралася да Магілёву. Сустрэцца там з палітвязьнем Артурам Фінькевічам не атрымалася, бо хлопца цэлы дзень трымаюць у камэндатуры.

З Магілёву яны накіраваліся да вёскі Рыжкавічы, дзе адбывае пакараньне Дашкевіч. Там яны меліся павіншаваць хлопца з днём нараджэньня. Моладзь не пасьпела нават падсьці да турмы, як да іх падышлі 30 міліцыянтаў, якія прапанавалі праехаць зь імі ў шклоўскі РУУС, дзеля высьвятленьня асобаў. У РУУСе цяпер знаходзіцца 13 чалавек.

У Менску маладафронтаўцы не пасьпелі прымацаваць расьцяжку «Зь Днём народзінаў, Зьміцер Дашкевіч», як прыехала міліцыя. Двое актывістаў уцяклі, яшчэ трое знаходзяцца зараз у Цэнтральным РУУСе.

Па інфармацыі Нашай Нівы