Медыкі прызналіся, што Шацікаву змясцілі ў псіхіятрычную клініку міліцыянты
Загадчыца восьмым аддзяленнем клінікі, дзе цягам трох дзён знаходзілася Крысціна Шацікава, паведаміла, што апазіцыянерку даставілі ў клініку міліцыянты. “Яна была дастаўленая супрацоўнікамі міліцыі. Там была заява. Заява з подпісамі, але без прозвішчаў. Але з подпісамі. Яна паступіла з накірункам на прымусовую шпіталізацыю”, – паведаміла Ала Уцёнышава.Таксама загадчыца аддзяленнем распавяла, што ў дачыненні Крысціны Шацікавай была праведзеная неабходная экспертыза, паведамляе “Тэлеграф”.
“Мы павінны былі цягам трох дзён яе правесці. Што мы і зрабілі. Гэта з улікам выходных. Калі б яна паступіла да нас у будны дзень – мы паглядзелі б яе на наступны дзень”, – распавяла загадчыца аддзялення.
У сваю чаргу прэс-сакратар КДБ Магілёўскай вобласці Таццяна Шэўцова заявіла, што ў КДБ нічога не вядома пра дастаўку актывісткі апазіцыі ў псіхіятрычную клініку. “КДБ не валодае інфармацыяй пра гэта. Яе дапыталі і на ўсе чатыры бакі... А што там было далей...”, – заявіла Таццяна Шэўцова ў інтэрв’ю для “Радыё Свабода”.
Раней Крысціна Шацікава паведаміла, што калі яе “даставілі ў шпіталь, там былі міліцыянт і лекар”.
“Я адразу заявіла, што патрабую адваката і начальства, бо ёсць палажэнне пра тое, што прымусова, без згоды сваякоў у псіхлячэбніцу дастаўляць нікога нельга. У адказ на гэта міліцыянт, які там знаходзіўся, нецэнзурна выказаўся, і мае выкрадальнікі вывялі яго з пакоя”, – распавяла актывістка апазіцыі.
“Мяне паспрабавалі сілком распрануць, пастрыгчы і вымыць. Але рэакцыя на гэта нармальнай жанчыны — супрацівіцца. Аднак мяне скруцілі, і ўкалолі мне прэпарат “сібазон” (прэпарат назвалі самі лекары). Ніхто не цікавіўся, як я яго пераношу. Сказалі, што гэта заспакаяльнае”, – паведаміла Крысціна Шацікава.
“А раніцай быў кансіліум лекараў. Двое з іх увогуле маўчалі. Астатнія задавалі пытанні, хто з’яўляецца кіраўніком “Маладога Фронту”, хто планаваў штурм тэлецэнтра 25 сакавіка, якія кантакты я маю з Зміцерам Дашкевічам, хто з’яўляецца моладзевымі і палітычнымі лідэрамі… Карацей, неслі поўную ахінею, не цікавячыся маім здароўем. Калі я спытала, які прэпарат мне калолі, яны заявілі, што я павінна адказваць на пытанні, а не пытаць”, – распавяла Крысціна Шацікава.
“Я маю намер прайсці незалежную медыцынскую экспертызу, якая напэўна пацвердзіць, што я здаровая. Мы былі ў гэтым шпіталі 27 сакавіка, там сказалі, што падчас майго дастаўлення туды дзяжурным лекарам быў Мікалай Мішчанаў. Загадчыца аддзяленнем № 8, дзе я ляжала, Ала Уцёнышава, якая мяне тэрарызавала. І галоўны лекар шпіталя, які адказвае за ўсё, што адбываецца ў яе сценах, Мікалай Несцер. Яны і павінны панесці адказнасць за тое, што са мной адбывалася”, – распавяла актывістка апазіцыі.
Інфармацыя: Хартыя`97