Менск: папярэднія арышты перад Сацыяльным маршам – ад 3 да 15 сутак

Учора ў Кастрычніцкім і Партызанскім судах Менску да розных тэрмінаў арышту засудзілі моладзевых актывістаў Міхаіла Пашкевіча, Мікалая Сергіенкі, Зьмітра Кавалгіна і Сяргея Клюева. Яны былі затрыманы сёньня падчас распаўсюду інфармацыі пра Сацыяльны марш, які адбудзецца 4 лістапада.

 

Маладых людзей зьвінавацілі ў парушэньні правілаў правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Аднаго з заяўнікаў Сацыяльнага маршу Міхаіла Пашкевіча суд пакараў на трое сутак арышту. Міхаіла затрымалі на станцыі мэтро “Інстытут культуры”, як толькі ён перадаў улёткі Зьмітру Кавалгіну. Справа адносна Зьмітра была спынена з-за адсутнасьці доказаў, і яго адпусьцілі.

Найбольш жорстка пакаралі актывіста Мікалая Сергіенку, якога затрымалі ля Трактарнага заводу. Партызанскі суд даў яму 15 сутак арышту. Сяргея Клюева пакаралі на 13 сутак арышту.

Адвакат Аляксандар Галіеў сказаў, што актывісты асуджаны за тое, што яны нібыта распаўсюджвалі ўлёткі аб мерапрыемстве, на якое не атрымана дазволу. Ён сказаў, што адносна Сергіенкі не было ніводнага доказу, бо рапарт міліцыянтаў ня ёсьць доказам.

 

Радыё Свабода