Міжпартыйная жаночая салідарнасць
Жанчыны з розных партыяў і грамадскіх арганізацый падпісалі дэкларацыю пра стварэнне «Жаночай сеткі»
Аргкамітэт зоймецца падрыхтоўкай устаноўчага сходу, які запланаваны на ліпень 2015 году, паведамляе сайт ПБНФ.
Аб’яднацца ў «Жаночую сетку» вырашылі прадстаўніцы Партыі БНФ, БСДП (Грамада), Маладых сацыял-дэмакратаў — Маладая грамада, партыі «Справядлівы свет» і Цэнтру рэгіянальнага развіцця з Гомеля.
Галоўную мэту аб’яднання ініцыятаркі бачаць у абмене досведам, інфармацыяй, а таксама ў падтрымцы салідарнасці паміж жанчынамі, якія маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Адна з ініцыятарак «Жаночай сеткі», намесніца старшыні Партыі БНФ Вольга Лагвіновіч паведаміла Радыё Свабода:
«Нягледзячы на нашы палітычныя пазіцыі, мы вырашылі, што ў нас вельмі шмат агульнага, і на падмурку гэтага нам трэба аб’яднацца. Гэта пачалося з міжасабовых стасункаў. Мы правялі шэраг лякальных сустрэч у рэгіёнах і ўбачылі, што нашая ідэя шмат каму падабаецца. Мы мяркуем існаваць як нефармальнае аб’яднанне, мы не збіраемся выходзіць са сваіх партый. Гэта будзе, хутчэй, як падтрымка адна адной жанчынаў, якія займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Мы хацелі б таксама, каб да нас далучыліся жанчыны, якія не ўваходзяць у нейкія арганізацыі, але хочуць далучыцца да сферы прыняцця рашэнняў. Напрыклад, калі яны будуць балатавацца ў органы ўлады».
Пакінуць новы каментар