Мікалай Аўтуховіч: Справы пакрысе ідуць, але ёсць і цяжкасці (ФОТА)
Прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч распавёў пра асаблівасці працы пасажырскага таксі ў Ваўкавыску ва ўмовах збяднення насельніцтва, недобрасумленную канкурэнцыю, сакрэты выжывання свайго бізнесу, а таксама пра абсурдныя і надуманыя патрабаванні транспартнай інспекцыі.
Мінскія актывісты пра падтрымцы Камітэта “Салідарнасць” наведалі вядомага ваўкавыскага прадпрымальніка, які кіруе ПТУП “Ніка–таксі 22222”, нязломнага змагара за праўду і справядлівасць, былога палітвязня Мікалая Аўтуховіча. Мінчукі перадалі ў падарунак дыскі і кнігі, ды паразмаўлялі “пра жыццё”.
Таксаперавозкі, са слоў Аўтуховіча, перажываюць зараз не лепшыя часы, бо ў Беларусі пагоршылася эканамічная сітуацыя. Да таго ж, у гэтай сферы не стае цывілізаванага, пісьменнага рэгулявання з боку дзяржавы:
“У многіх цывілізаваных краінах вызначаюць абмежаваную колькасць машынаў таксі, якая працуе ў пэўным горадзе. Лічу, што ў Ваўкавыску колькасць аўтамашын завышаная. На 50-тысячны горад для таго, каб гэта спецыфічная сфера паслугаў была акупляльнай, па маіх падліках хапіла б 50 легкавікоў з шашачкамі. Зараз у горадзе працуе каля 100 машын. Шмат хто працуе нелегальна. І часам ёсць адчуванне, што іх прыкрывае міліцыя. Таму канкурэнтная сітуацыя нездаровая. Кліентаў папросту на ўсіх не хапае, а працаваць у страту ніхто не хоча”, – распавядае Мікалай Аўтуховіч.
Тым не менш, спадару Мікалаю ўдаецца пакрысе развіваць ці, дакладней кажучы, павольна але верна аднаўляць сваю справу:
“Раней мы займалі 70% рынку, зараз – каля 30%. Калі я вярнуўся з турмы, у нас было паўтары машыны (адна цэлая, другая паломаная), зараз ужо ездзяць сем нашых машын, а таксама ёсць шмат аўто прыцягнутых да супрацы з нашай фірмай”.
“Спецыфіка Ваўкавыску, што тут няма маршрутак. З канца ў канец каля 7 км. Гэтым вызначаецца пэўная палітыка цэнаў. Мы спрабуем трымаць самую дэмакратычную цану, бо мае кіроўцы фураў маюць магчымасць запраўляцца ў Расіі і такім чынам эканоміць выдаткі на паліва,” – падзяліўся прадпрымальнік і сакрэтамі выжывання.
У Мікалая Аўтуховіча ёсць пэўныя непаразуменні з транспартнай інспекцыяй, але ён пакуль што папрасіў не публікаваць падрабязнасці канфлікту ў СМІ, спадзеючыся вырашыць яго самастойна.
Даведка:
Мікалай Аўтуховіч быў зняволены 7 ліпеня 2006 года на 3 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасці. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў са стратамі для бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама – у ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі і атрымання ліцэнзіі. Многія лічаць, што мела месца расправа мясцовай вертыкалі ўлады з прадпрымальнікам, які рашуча і прынцыпова выкрываў карупцыю ў яе асяродку.
Аўтуховіч быў адным з шасці палітзняволеных, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЕС, аднак 8 лютага 2009 года яго зноў затрымалі і ў 2010 годзе асудзілі на 5 гадоў зняволення паводле артыкула 295 частка 3 — «Незаконныя дзеянні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў», а таксама дадалі да тэрміну яшчэ 2 месяца.
Здароўе Аўтуховіча тады было сур'ёзна падарванае серыяй доўгіх галадовак пратэсту і недахопам неабходнай медыцынскай дапамогі.
Аўтуховіч быў прызнаны вязнем сумлення паводле Amnesty International падчас першага судовага працэсу. Што тычыцца другога працэсу, аб палітычнай скіраванасці пераследу заявілі праваабаронцы цэнтру «Вясна», якіх падтрымалі РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і грамадскасць.
8 красавіка 2014 г. Мікалай Аўтуховіч выйшаў на волю.
Пакінуць новы каментар