Мікалай Новікаў: Каштоўнасці нельга ўзяць і адсунуць як старую мэблю
Пра перадгісторыю свайго звальнення з Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі з пасады выкладчыка распавядае сайту salidarnasc.org Мікалай Новікаў.
Мікалай Новікаў – эканаміст, былы выкладчык Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі (Гомель). Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі ад самага стварэння, з 1995 года (з 1991 года быў сябрам Аб’яднанай дэмакратычнай партыі). Удзельнічаў у мясцовых выбарах 2014 года ў якасці кандыдата ў дэпутаты Гомельскага абласнога Савету ад АГП. Неўзабавае пасля выбараў быў звольнены з ВНУ.
– Пасля сёлетніх мясцовых выбараў Вы судзіліся з друкарняй “Палесдрук” і дайшлі нават да Камітэта ААН. Распавядзіце пра гэта падрабязней
– Мне адмовілі ў друку маёй перадвыбарнай улёткі. Нібыта я заклікаю да байкоту выбараў. Я там напісаў, ці варта ўдзельнічаць у выбарах дэпутатаў, якіх мы не ведаем і не ведаем, чым яны займаюцца, што трэба нешта мяняць, а для гэтага павінны прыйсці людзі, якія будуць адказныя перад выбарцамі. Павінна быць альтэрнатыва, а не выбары без выбараў. Простая, напісаная ў вельмі стрыманым, мяккім стылі ўлётка. Ніякага экстрэмізму там не было. Пры гэтым я не здымаўся, удзельнічаў у выбарах да канца. Я заклікаў да канкурэнтных выбараў. Гэты тэкст быў агучаны па абласным і гарадскім радыё. Ніякіх пытанняў да мяне не ўзнікала.
Я лічу, што друкарня, якая адмовілася друкаваць маю ўлётку, парушыла мае правы на агітацыю. Пасля выбараў я звяртаўся ў рознага ўзроўню судовыя інстанцыі, але безвынікова. Я мяркую, што яны не прызнавалі відавочнага факту парушэння маіх правоў, каб не ствараць прэцэдэнт. Я вымушаны быў звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН. Чакаю рашэння.
– Як ставіліся выбарцы да апазіцыйнага кандыдата?
– Падчас кампаніі мне тэлефанавалі выбарцы рознага веку і розных поглядаў. Яны мелі жывы інтарэс да мяне, як непраўладнага кандыдата, глядзелі на мяне з надзеяй. І яшчэ доўга пасля выбараў спынялі на вуліцы і запытвалі, ці абралі мяне ў дэпутаты. Па выніках выбараў мне тады напісалі каля 8-10% галасоў.
– Ці Вашыя палітычныя перакананні стваралі праблемы на працы ва ўніверсітэце?
– Хутчэй праблемы стварала кіраўніцтва ВНУ для маёй грамадска-палітычнай дзейнасці. Я ў ВНУ з 1997 года. Начальства напачатку ставілася больш-менш цярпіма. Калі ў 2005 годзе была падрыхтоўка да Кангрэса дэмакратычных сілаў, мяне мясцовыя актывісты абралі кіраўніком структуры, якая вылучае дэлегатаў на Кангрэс. Але на працы націснулі, і я вымушаны быў адмовіцца. Калі мяне запрашалі пасля выступіць на круглых сталах, арганізаваных дэмсіламі альбо клікалі на канферэнцыю за мяжу, рэктарат мяне не адпускаў.
Грамадска-палітычнай дзейнасцю займаюся з 1995 года. Спачатку быў сябрам АДП, потым - у АГП. Я гэтага не хаваў, хаця і не афішаваў. Ніякай прапагандай у сценах ВНУ не займаўся. Часам мне даставалася, бо выкладаў макраэканоміку, а некаторыя аб’ектыўныя працэсы падчас выкладання прыхаваць цяжка. Я гаварыў рэчы, якія агульнадаступныя, а навучэнцы маглі рабіць высновы.
За мае лекцыі пра сусветны крызіс у 2009-м мне вынеслі падзяку. Я таксама атрымаў магчымасць выступаць перад працоўнымі калектывамі. Пасля таго, як сёлета памяняўся рэктар (праз некаторы час пасля выбараў), мне сказалі, што кантракт са мной працягнуты не будзе.
– Ці ёсць шанс абскардзіць рашэнне пра звальненне?
– Я звяртаўся ў Прававую ініцыятыву. Там Леанід Судаленка гэтым займаецца. Я з ім кансультаваўся. Ён кажа – ніякай перспектывы, усё зрабілі па законе. Папярэдзілі загадзя пра скасаванне кантракта, тлумачыць сваё рашэнне не павінныя. З юрыдычнага пункту гледжання нічога не зробіш. Мо з пункту гледжання праў чалавека можна нешта аспрэчваць. Гэта быў мой кавалак хлеба, невялікі, але стабільны. Цяпер я, што называецца, застаўся без яго.
– Чаму Вы нягледзячы ні на што праяўлялі грамадзянскую актыўнасць? Чаму гэта важна?
– Як інакш? Мы ж выкладчыкі таксама выхоўваем моладзь. Як можна ім хлусіць і пры гэтым чакаць, што вырасце нармальнае здаровае пакаленне? Так нельга. Трэба заставацца самім сабой і абараняць каштоўнасці, якія важныя для нас. Іх нельга ўзяць і адсунуць як старую мэблю ў бок. У гэтым сэнсе я не шкадую, хаця і маю зараз у звязку з гэтым пэўныя праблемы. Нашае заўтра вызначае пакаленне, якое расце сёння. Якім яно вырасце залежыць ад таго, з кім моладзь стасуецца, хто яе вучыць, з каго яна бярэ прыклад. Спадзяюся, што я працаваў і вучыў не дарэмна.
Пакінуць новы каментар