Мікалай Статкевіч адказвае на лісты з волі, абяцае не здавацца

Бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіч 16 траўня атрымаў ліст з Магілёўскай турмы №4 ад палітвязня Мікалая Статкевіча, у якім экс-кандыдат у прэзідэнты распавёў пра ўмовы свайго ўтрымання на новым “старым” месцы зняволення.

Сайт ПЦ "Вясна" цытуе ліст палітвязня:

“…Але цяпер я ізноў у Магілёўскай турме, куды мяне накіраваў суд да канца тэрміну, і пісаць тут куды болей зручна. Таму збіраюся адказваць на ўсе лісты.

Тое, што я ізноў на турэмным рэжыме, чакалася ад самага пачатку. Мабыць, нехта палічыў, што калонія няздатная мяне пераканаць напісаць тое “прашэнне”. Насамрэч, хоць калонія – гэта непрыемнае, цяжкое і дэпрэсіўнае месца, але нічога “шокавага” там няма. Вельмі нагадвае войска – такія ж казармы (толькі без збройні), перамяшчэнне строем у калонію і г. д. Толькі праца замест вайсковай падрыхтоўкі. Турма ж з’яўляецца сур’ёзным выпрабаваннем для фізічнага і псіхічнага здароўя з-за пастаяннага знаходжання толькі ў замкнёнай прасторы. Ну а другая “крытая” запар прызначаецца найбольш небяспечным і непакорлівым арыштантам і мае на мэце зламаць іх фізічна і маральна. Спадзяюся вытрымаць, але цвёрда ведаю толькі адно – здрады ад мяне не дачакаюцца. Не імкнуся ў героі, але хачу застацца прыстойным чалавекам. На жаль, у нашай краіне гэта можа каштаваць даволі дорага. Гатовы плаціць.

Вырашыў сядзець адзін, бо ўсе “афіцыйныя” сродкі ўціску (ШІЗА, ПКІ, цяжкая праца) на мне ўжо неаднаразова апрабавалі. Застаюцца толькі “неафіцыйныя” – праз адмыслова падабраных сукамернікаў. Мяне гэта асабліва не палохае – я і сам магу націснуць J. Але пастаянна кантраляваць паводзіны суседзяў не хачу. Надакучыла.

Газет не бачыў з красавіка. Адзіная крыніца інфармацыі тут – 1-я праграма беларускага радыё з рэпрадуктара ў камеры”…

А вось што адказаў Мікола Статкевіч на ліст беларускай студэнткі Алены:

"Вы добра зрабілі, што не хадзілі навокал ды наўкол, а напісалі наўпрост - "не здавайцеся". Безумоўна, калі такая смелая, разумная і сумленная дзяўчына кажа, то як я магу:) Ну а калі казаць болей сур'ёзна, то ніякай "здачы" я нават уявіць для сябе не магу. І не толькі таму (хаця і таму таксама), што для беларускай справы важна, каб былі тыя, хто не здаўся. Але таму, што успрымаю такую "здачу", як маральнае самагубства. Ведаю, што некаторыя людзі успрымаюць такія рэчы па-іншаму, але мае стаўленне менавіта такое. А улічваючы, што усім нам прыйдзецца паміраць фізічна, то на халеру мне две смерці. Па мне, так і адной зашмат :)".

Свой ліст бялыніцкаму журналісту Мікалай Статкевіч напісаў у магілёўскай турме 10-га траўня. Па словах Барыса Вырвіча, з пісьма зразумела, што ў красавіку падчас знаходжання ў Шклоўскай калоніі да палітвязня дайшлі не ўсе лісты з волі. Таксама палітвязень у лісце напісаў пра апошні час свайго знаходжання ў калоніі, што “з канца сакавіка апынуўся ў ШІЗА, а потым у ПКТ, дзе пісаць доўга не вельмі зручна – цёмна і нават нармальна прысесці няма як”, ды падзяліўся сваімі меркаваннямі наконт планаў да выбараў і стану спраў у апазіцыйных арганізацыях.


Нагадаем, дасылаць лісты падтрымкі Міколу Статкевічу можна на адрас:

212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, СТ-4, каранцін
 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку