Міколу Аўтуховіча абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракту
Інфармацыю пра тое, што прадпрымальніку з Ваўкавыску Мікалаю Аўтуховічу выставілі абвінавачаньне ў падрыхтоўцы да тэрарыстычнага акту пацьвердзіў Радыё Свабода ягоны адвакат Павал Сапелка. Адвакат быў не шматслоўным, спаслаўшыся на падпіску, якую даў сьледчым.
«Скажам гэтак, я не абвяргаю гэтыя зьвесткі. Што да прозьвічаў асобаў, на якіх паводле сьледзтва нібыта рыхтаваў замах мой падабаронны, адкажу наступнае. Зараз не зьявілася ніякіх новых прозьвішчаў, якія раней ужо былі ў друку у сувязі з гэтай справай», — сказаў адвакат Павал Сапелка.
Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны 8 лютага паводле абвінавачаньня ў падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску. Улетку зьявіліся зьвесткі, што прадпрымальніка падазраюць таксама ў падрыхтоўцы тэрактаў супроць старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі і намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Камянко. Вядома, што Мікалай Аўтуховіч сваю віну паводле гэтых абвінавачаньняў не прызнае. Цягам трох месяцаў прадпрымальнік трымаў галадоўку, пратэстуючы супроць перасьледу, які тлумачыць помстай за антыкарупцыйную дзейнасьць.
Па звестках праваабаронцы Алега Воўчака, да якога звярнулася «Еўрарадыё» дакументы аб прад'яўленні абвінавачвання былі перададзеныя Аўтуховічу, якога ўтрымліваюць ў мінскім следчым ізалятары № 1, увечары 20 лістапада. Аўтуховіч па-ранейшаму абвінавачваецца па артыкуле 218 Крымінальнага кодэкса Беларусі, то бок у падпале маёмасці ваўкавыскіх чыноўнікаў, і па артыкуле 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (ст. 13).
Акрамя таго, яго абвінавацілі яшчэ і ў захоўванні выбуховых рэчываў. Па інфармацыі праваабаронцы, па ўсіх эпізодах Аўтуховіч праходзіць як арганізатар.
Пакінуць новы каментар