Міколу Дземідзенку спрабуюць выключыць з унівэрсытэту

mf1.jpg

Актывісту Полацкай філіі Маладога Фронту Міколе Дземідзенка сёньня паведамілі, што ён будзе адлічаны з гістарычнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэта.

Як распавёў Мікола, выключыць яго плянуюць за нібыта ня зданы іспыт. “Іспыт я здаў яшчэ напачатку лета падчас апошняй сэсіі, - кажа Мікола Дземідзенка. – Але па дадзенай дысцыпліне ў мяне заўсёды былі вышэйшыя адзнакі, таму 6 ці 7 балаў мяне не задавальнялі, і выкладчык дазволіў мне пераздаць іспыт у жніўні".

Па словах Міколы Дземідзенкі, іспыт ён пераздаў, але ўжо іншаму выкладчыку. Працу Міколы правяраў асабіста намесьнік дэкана.
Што дзіва, Мікола – адзін зь лепшых вучняў, стаўся адзіным студэнтам з 40, які атрымаў незадавальняючую адзнаку за пісьмовы іспыт. “Працу маю мне паглядзець не дазволілі”, - адзначае Мікола.

Варта дадаць, што Міколе Дземідзенка, аднаму з самых яскравых рэгіянальных актывістаў, арганізатару разнастайных флэш-мобаў і акцый, і раней пагражалі выключэньнем за палітычную дзейнасьць. Зімою з Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэта была таксама адлічана Кацярына Салаўёва.

 

Паводле mfront.net