МІЛІНКЕВІЧ патрабуе ад КДБ спыніць пераслед за іншадумства

Аляксандр Мілінкевіч накіраваў зварот да старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі РБ С.Сухарэнкі і старшыняў абласных упраўленьняў КДБ з патрабаваннем спыніць пераслед за іншадумства студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой па праграмах для рэспрэсаванай моладзі.

“У апошні час з боку супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі пашырылася практыка перасьледу і ціску на навучэнцаў праграмы імя К. Каліноўскага. Супрацоўнікі камітэту запрашаюць студэнтаў-каліноўцаў на размовы на прыватных кватэрах, сустракаюць іх на чыгуначных вакзалах, калі стыпендыяты праграмы вяртаюцца ў Беларусь на вакацыі, наведваюць студэнтаў і іх бацькоў на ўласных кватэрах і па месцу працы. Нярэдка супрацоўнікі камітэта спрабуюць схіліць удзельнікаў праграмы імя К.Каліноўскага да так званага «супрацоўніцтва»”, - гаворыцца ў заяве лідэра дэмакратычных сілаў.

Аляксандр Мілінкевіч зьвяртае ўвагу на тое, паводле наяўных у яго каманды шматлікіх фактаў, супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі падчас кантактаў з навучэнцамі праграмы імя К. Каліноўскага неаднаразова выкарыстоўвалі ў сваёй працы метады, якія парушаюць пералічаныя палажэньні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

“Інфармацыя пра факты ціску на моладзь – удзельнікаў праграмы К.Каліноўскага з боку Камітэту дзяржаўнай бяспекі, а таксама пра асобы датычныя да гэтага, зьяўляецца прадметам пільнай увагі з боку грамадскай супольнасьці. Усім гэтым фактам будзе надавацца грамадская і міжнародная агалоска”, - падкрэсліваецца ў звароце лаўрэата прэміі Эўрапейскага Парляменту імя Андрэя Сахарава “За Свабоду думкі”

Аляксандр Мілінкевіч заклікае супрацоўнікаў КДБ у будучым устрымацца ад практыкі палітычна матываванага перасьледу грамадскіх актывістаў і спыніць ціск, запужваньне і спробы вярбоўкі ў дачыненьні да студэнтаў-стыпендыятаў праграмы імя К.Каліноўскага.

www.milinkevich.org