Мілінкевіч і Севярынец затрыманыя на беларуска-літоўскай мяжы

Лідэр стваранага руху "За Свабоду", экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч і сябар аргкамітэтў па стварэньні грамадскага аб'яднаньня БХД Павел Севярынец увечары 5 верасьня былі затрыманыя ў пункце пропуску "Каменны лог" на беларуска-літоўскай мяжы.

Паводле зьвестак прэс-службы А.Мілінкевіча, палітыкі вярталіся зь Вільні, дзе бралі ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі "Эўрапейская палітыка добрасуседзтва: ці будуць парлямэнцкія выбары ў Беларусі 2008 году дэмакратычным выбарам?". Мерапрыемства было арганізаванае з ініцыятывы Эўрапейскай народнай партыі.

У затрыманых канфіскаваныя дыскі зь фільмам Юрыя Хашчавацкага "Плошча". Пасьля былі аформленыя пратаколы агляду і канфіскацыі відэапрадукцыі. "Апрача пагранічнікаў і мытнікаў у пункце пропуску шмат людзей у цывільным", — зазначана ў паведамленьні прэс-службы А.Мілінкевіча.

Беларуская мытня правяла раніцай узмоцнены дагляд П.Севярынца, калі ён накіроўваўся ў Літву.

 

Паводле Радыё Свабода