Міліцыянты ня ведалі пра існаваньне ў палітвязьня Сяргея Парсюкевіча сына

Дагэтуль пенсію МУС на мужа атрымлівала па даверанасьці Натальля Парсюкевіч – жонка прадпрымальніка. 8 ліпеня, у дзень атрыманьня пенсіі МУС, Натальля прыйшла ў банк, аднак пенсіі не атрымала. Спачатку падумала: памылка, можа, згубіліся паперы ў банку? Банкаўскія службоўцы параілі зьвярнуцца ў Віцебскае абласное ўпраўленьне ўнутраных справаў. Натальля Парсюкевіч і зьвярнулася. Апынулася, што пенсію палітвязьня Сяргея Парсюкевіча перавялі ў Шклоўскую калёнію, дзе прадпрымальнік адбывае пакараньне, паведамляе газэта «Товарищ».

 

Судовыя выканаўцы пакінулі без сродкаў да існаваньня сям'ю асуджанага прадпрымальніка. Пенсію палітвязьня па выслузе гадоў (служыў у МУС), якую атрымліваў яго непаўнагадовы сын, вырашылі пусьціць на іншыя мэты.

Судовыя выканаўцы, за тлумачэньнямі да якіх зьвярнулася Натальля Парсюкевіч, растлумачылі: 25 адсоткаў пенсіі ідзе на ўтрыманьне Сяргея Парсюкевіча ў калёніі, 50 адсоткаў будзе пералічвацца супрацоўніку спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка МУС Аляксандру Дулубу, якога нібыта зьбіў асуджаны. Пакінутыя 25 адсоткаў павінныя былі ісьці на ўтрыманьне непаўнагадовага сына Сяргея Парсюкевіча. Але зьнікла і гэтая чвэрць: чыноўнікі ў адзін голас паўтараюць, што ў дакумэнтах няма зьвестак аб сыне.

Паўстала лягічнае пытаньне: як ставіць на ногі 14-гадовага сына-падлетка? Ва УУС Віцебскага аблвыканкама зрабілі выгляд, што зьдзівіліся: а што, няўжо ў Парсюкевіча ёсьць сын? Так, і падлетка трэба апранаць, карміць, звазіць куды-небудзь на адпачынак. Асабліва пасьля такога псыхалягічнага стрэсу, які ён выпрабаваў пасьля зьняволеньня бацькі.

Натальлі Парсюкевіч растлумачылі: маўляў, рыхтуйце дакумэнты, паколькі пенсія мужа перакладзеная ў Шклоўскую калёнію на ўтрыманьне Сяргея Парсюкевіча і на пакрыццё ягоных абавязкаў. Цяпер, калі «знайшоўся» раптам зьніклы сын, з Натальлі Парсюкевіч запатрабавалі кучу папер, якую жанчына сабрала, выдаткаваўшы на гэта масу часу і сілаў. Пакет сабраных папераў Натальля Парсюкевіч адправіла ва УУС Магілеўскага аблвыканкама, там сказалі: чакайце... Нават калі ўсё пойдзе добра, 14-гадовы падлетак будзе атрымліваць на сваё ўтрыманне парадку 125 тысяч беларускіх рублёў. 125 тысяч у месяц для 14-гадовага хлопца - гэтае зьдзекі.

- Цяпер я ў адпачынку. Атрымала адпускныя, якія цяпер і пражываем. Час ад часу дапамагаем маці на лецішчы. Што будзе далей - ня ведаю, - кажа Натальля Парсюкевіч.

Сама Натальля працуе, але на ўтрыманне дваіх дарослых чалавек не хапае. Прадпрымальніцкія структуры адмысловай дапамогі не аказваюць - у красавіку прадпрымальнікі Смаленскага рынка перадалі сям'і калегі 400 тысяч рублёў, а працаўнікі Полацкага рынка - 700 тысяч.

Паводле Хартыі97