Міліцыянт ужыў сілу ў дачыненьні да журналісткі
У Магілёве адбыўся інцыдэнт, падчас якога прадстаўнік праваахоўных органаў ужыў фізычную сілу ў дачыненьні да журналісткі Ганны Ільіной пры выкананні ёю прафэсійных абавязкаў.
14 жніўня рэдактар маланакладнай недзяржаўнай газэты “Магілёўскі Час” Ганна Ільіна прысутнічала на сустрэчы магілеўскіх грамадскіх актывістаў з польскімі й нямецкімі калегамі. Сустрэча ладзілася ў прыватным жыльлі.
Нечакана ў дом увайшлі некалькі чалавек у міліцэйскай форме й ў цывільным, якія пачалі задаваць пытаньні адносна мэтаў сустрэчы і асобаў яе ўдзельнікаў.
Старшына міліцыі, участковы ўпаўнаважаны Віктар Цароў і супрацоўнік Ленінскага раённага аддзелу міліцыі Ігар Палянскі (які быў у цывільным) без тлумачэньня прычын распачалі праверку дакументаў у прысутных.
Ганна Ільіна, прад’явіўшы пашпарт і журналісцкае пасведчаньне, зрабіла некалькі здымкаў міліцэйскай праверкі на фотакамеру й зрабіла запісы ў нататнік. Гэта выклікала нервовую рэакцыю ў міліцыянта І. Палянскага, які пачаў забіраць у журналісткі фотаапарат. Пры гэтым ён хапаў журналістку за рукі, цягнуў яе й пагражаў пакараньнем. Па словах Палянскага (гэта чулі прысутныя), “ён гатовы заплаціць за фотаапарат, калі разаб’е яго, аднак жа забароны здымаць даб’ецца”. Тым ня менш, Ганьне Ільіной удалося ўратаваць сваю фотакамеру й нататнік.
Зараз рэдактар “Магілёўскага часу” рыхтуе скаргу ў пракуратуру Ленінскага раёну г. Магілёва на дзеяньні міліцыянта.
Па інфармацыі службы маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"