Міліцыя пакарала прыхільнікаў нацыянальных сімвалаў
З боку сілавых структураў працягваецца дыскрымінацыя маладзёнаў, што публічна дэманструюць пашану да бел-чырвона-белага сцяга і герба "Пагоня".
Як паведамляе ПЦ "Вясна", 12 кастрычніка ў перапынку матчу Беларусь - Македонія, які прайшоў на футбольным стадыёне «Барысаў-Арэна», адбылося затрыманне трох заўзятараў зборнай Беларусі Зміцера Хведарука, Віталя Будзько і Юрыя Пархоменкі. Прыхільнікаў беларускага футболу на вачах у шматлікіх сведкаў затрымалі за наяўнасць шалікаў з выявай гістарычнага герба Беларусі «Пагоня». На знак салідарнасці фан-сектар Беларусі ў поўным складзе пакінуў трыбуны.
Калі абуральны выпадак атрымаў розгалас ў інтэрнэце, кіраўнік прэс-службы УУС Мінаблвыканкама Аляксандр Данільчанка паспрабаваў замяць скандал, заявіўшы, што заўзятары былі затрыманыя не за нашэнне шалікаў з нацыянальнай сімволікай, а за лаянку і непадпарадкаванне міліцыі. Зрэшты за тое нібыта заўзятараў і пакаралі. На наступны дзень ім прысудзілі штрафы па 10 б.в.
ФК "Нёман" у адмысловай заяве выказаў недавер супрацоўнікам міліцыі. Заклапапочанасць інцыдэнтам выказала таксама прэс-служба Беларускай федэрацыі футболу.
Крыху раней, 11 кастрычніка, супрацоўнікі ДАІ затрымалі на 2 гадзіны кіроўцу, у аўтамабілі якога быў б-ч-б сцяг. Даішнікі спрабавалі прычапіцца да некалькіх пачак соку ў багажніку, а таксама мелі намер выклікаць экспертную групу для праверкі напою.
Пакінуць новы каментар