Мінабароны на беларускамоўныя звароты адказвае па-руску
Перапіска салігорскага сябра партыі АГП Віктара Малочкі са структурамі Міністэрства абароны выявіла павальнае парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян адказнымі асобамі гэтага ведамства.
Як паведамляе сайт ПЦ “Вясна”, цягам апошніх двух месяцаў спадар Малочка накіраваў у розныя інстанцыі шэраг запытаў адносна пераносу помніка-абеліска загінулым у часы Другой сусветнай вайны жыхарам вёскі Крывічы Салігорскага раёна. Сярод іншых ведамстваў лісты былі накіраваны ў Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, ва Упраўленне па ўшанаванні абаронцаў Бацькаўшчыны і ахвяр войн Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама ў Салігорскі раённы ваенны камісарыят Мінскай вобласці. Усе запыты ў вайсковыя структуры Міністэрства абароны былі зроблены на беларускай мове, аднак ніводнага адказу на роднай мове Віктар Малочка ад іх не атрымаў.
Такім чынам, дыскрымінацыя беларускай мовы навідавоку. У сувязі з парушэннем заканадаўства аб зваротах грамадзян Віктар Малочка звярнуўся ў пракуратуру. Пасля пракурорскай праверкі намеснік дырэктара Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь спадар Калаткоў афіцыйна выбачыўся за дадзены раней адказ на рускай мове, а не на мове звароту спадара Малочкі. Пракурорская праверка па факце парушэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь іншымі структурамі Міністэрства абароны пакуль яшчэ працягваецца.
Пакінуць новы каментар