Мінскі бард выконваў беларускія песні і вершы ў акопах пад Марыупалем
«Патрыятычнымі песнямі іх ня здзівіш, але заля сціхала, калі гучалі лірычныя», — згадвае менскі бард Зміцер Захарэвіч пра рэакцыю ўкраінскіх байцоў на свае выступы.
Зміцер Захарэвіч у жніўні даў 5 канцэртаў для ўкраінскіх вайскоўцаў і добраахвотнікаў, якія ваююць пад Марыупалем. Сваімі ўражаннямі ён падзяліўся з радыё «Свабода».
«Мэта ў нас была — падтрымаць маральна ўкраінскіх байцоў, паказаць ім беларускую салідарнасць, што шмат беларусаў падтрымліваюць іх змаганне за незалежнасць. Сёння там ідзе барацьба ня толькі за Украіну, але і за Беларусь. Адчуваю абавязак і перад сваімі ўкраінскімі сябрамі — выказаць ім сваю салідарнасць», — кажа Захарэвіч, былы памежнік.
«Мы былі на фронце каля вядомага сяла Шырокіна пад Марыюпалем, у такіх населеных пунктах, як Чармалык, Кірылаўка. Гэта побач з нэўтральнай паласой, бачылі яе на ўласныя вочы. Выступаў з канцэртамі перад байцамі — сьпяваў свае песьні, чытаў вершы. У розных умовах: у нейкіх бункерах, непасрэдна на блёк-пастах, па месцы дысьлякацыі. Наведалі ня толькі пазыцыі, дзе стаяць разьведчыкі-унсоўцы, але таксама і памежнікаў, Нацгвардыю. За тры дні даў пяць канцэртаў».
«Усе прызнаюць, што насамрэч стратаў больш, чым афіцыйна прызнаецца адпачатку. І наадварот, пра страты сепаратыстаў ідзе перабольшванне. Байцы жартуюць, што калі б скласці страты сепаратыстаў, пра якія кажуць афіцыйныя крыніцы ва Украіне, дык на тым баку не засталося б байцоў. Але усе разумеюць, што гэта элементы інфармацыйнай вайны, якую вядуць абодва бакі».
«У мяне нямала баявых песень, такіх вершаў, іх слухалі добра, усё нармальна. Але калі пераходзіў да лірычных, дык такая цішыня усталёўваецца, такая увага! Глядзіш па вачох, і бачыш, наколькі людзі сумуюць па сваіх сем’ях, па каханых жанчынах. Дарэчы, заўважу, што там ваюе шмат і тых, хто сам з тых мясцін Данецкай ды Луганскай абласцей, якія цяпер пад кантролем сепаратыстаў. Нездарма гэтыя вайскоуцы не фатаграфуюцца, каб не падстаўляць свае сем’і, бо ужо былі і расправы. Мужнасцю гэтых людзей можна толькі захапляцца».
Пакінуць новы каментар