Наведваньне Надзеі Дземідовіч(фота)

dziemidovicz.jpg

Аляксандар Мілінкевіч разам зь іншымі прадстаўнікамі Руху “За Свабоду”, камітэту абароны рэпрэсаваных “ Салідарнасьць”, Беларускай Хрысіянскай Дэмакратыі 25 лістапада ў Калодзішчах наведалі былога вязьня ГУЛАГу Надзею Дземідовіч.

У 1949 годзе яна была пакарана 25 гадамі сталінскіх лягероў за сяброўства ў Саюзе беларускае моладзі. У наш час Надзея Дземідовіч брала ўдзел у многіх акцыях дэмакратычных сілаў, шмат гадоў запар на Дзяды пешшу на мыліцах праходзіла яна па 10 кілямэтраў да Курапатаў.

Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што ціск з боку дзяржавы на палітычныя погляды грамадзянаў   недапушчальным ні 70 год таму, ні цяпер. Ён лічыць, што гэта супярэчыць фундаментальным правам чалавека, якія зьяўляюцца галоўным здабыткам і неад’емнай каштоўнасьцю эўрапейскай цывілізацыі.

Надзея Дземідовіч паходзіць са Слонімшчыны. З восені 1941 вучылася ў Слонімскай беларускай прагімназіі. Чалец СБМ. У сьнежні 1944 пад час масавых арыштаў чальцаў СБМ у Слоніме перайшла на нелегальнае становішча. Хавалася да 1949, пакуль не была арыштавана. У лягерах прайшла жудасныя пакуты. Удзельніца Кенгірскага паўстаньня вязьняў. Выйшла на волю ў 1955 годзе.

Спадарыня Надзея - аўтарка дзьвюх кнігаў пра сталінсікя рэпрэсіяў. Піша яна й вершы. Сёлета Надзеі Дземідовіч споўнілася 80 гадоў. Па стану здароўя яна практычна не выходзіць на вуліцу й сумуе па сваіх паплечніках. Больш за любую дапамогу яна шануе ўвагу й цёплае слова.