Навошта затрыманым за графіці актывістам прад’явілі надзвычай жорсткае абвінавачанне?
Над пытаннем разважае Павел Сапелка на старонках palitviazni.info. На думку юрыста, акрамя элементу застрашвання грамадства, ёсць яшчэ адно празаічнае тлумачэнне такой незаконнай кваліфікацыі.
У адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, заключэнне пад варту ў якасці меры стрымання прымяняецца толькі ў дачыненні да асобы, падазраванага ці абвінавачанага ў здзяйсненні злачынства, за якое законам прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін звыш двух гадоў. Толькі ў выключных выпадках гэтая мера стрымання можа быць прыменена ў дачыненні да падазраванага або абвінавачанага па справах аб злачынствах, за якія законам прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў: калі яны не маюць пастаяннага месца жыхарства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ці не ўсталяваная іх асоба.
Таму кваліфікацыя дзеяньняў па артыкулах, якія прадугледжваюць адказнасць за пашкоджанне маёмасці, не дазволіла б заўзятым праваахоўнікам пакінуць затрыманых ў зняволенні больш чым на трое сутак: артыкулы за пашкоджаньне маёмасці прадугледжваюць куды больш мяккае пакаранне.
Можа, прычына ў тым, што за трое сутак сінякі ня гояцца?
Новым такі падыход не назавеш; ён і раней паспяхова выкарыстоўваўся КДБ, пракуратурай і міліцыяй, у тым ліку, у дачыненні да палітвязняў: ім прад’яўлялася загадзя больш цяжкае абвінавачванне па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса, а пасля суд асуджаў іх па складу злачынства, які не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі.
Па такой схеме трымалі да прысуду суда ў следчым ізалятары удзельнікаў “Партнэрства” ў 2006 годзе, так чакаў прысуду А. Гайдукоў, які быў спачатку абвінавачаны ў здрадзе радзіме. Адносна новы орган папярэдняга расследавання – Следчы камітэт – нічым не адрозніваецца ад сваіх папярэднікаў на ніве праваахоўнай дзейнасці.
Нялішне нагадаць, што нават тады, калі ёсць фармальнае права ўжыць меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, такая мера ўжываецца толькі пры наяўнасці сур’ёзных падстаў: меры стрымання могуць прымяняцца органам, які вядзе крымінальны працэс, толькі ў тым выпадку,калі сабраныя па крымінальнай справе доказы даюць дастатковыя падставы меркаваць, што падазраваны ці абвінавачаны
-
можа схавацца ад органа крымінальнага пераследу і суда;
-
перашкодзіць папярэдняму расследаванню крымінальнай справы або разгляду яго судом, у тым ліку шляхам аказання незаконнага ўздзеяння на асоб, якія ўдзельнічаюць у крымінальным працэсе, утойвання ці фальсіфікацыі матэрыялаў, якія маюць значэнне для справы, няяўкі без паважных прычын па выкліках органа, які вядзе крымінальны працэс;
-
здзейсніць прадугледжанае крымінальным законам грамадска небяспечнае дзеянне;
- будзе процідзейнічаць выканання прысуду.
Як правіла, ніякімі доказамі гэтага на пачатак следства СК не валодае, і мера стрымання абіраецца на падставе галаслоўных сцвярджэнняў, што, безумоўна, парушае правы абвінавачанага (падазраванага).
Павел Сапелка
Пакінуць новы каментар