Нападзенне на дэманстрантаў

Сотні грамадзянаў, сяброў грамадскіх і моладзевых арганізацый прынялі ўдзел ў малітве за Беларусь, за братоў і сестраў, пацярпелых ад Чарнобыльскай авары.

Народ прыйшоў на пл. Бангалор, каб паказаць неабыякавасць да свайго лёсу. “Не – будаўніцтву новай атамной станцыі!”, “Вярнуць чарнобыльцам ільготы”, - такімі былі заклікі ўдзельнікаў шляху.

Пасля заканчэння Чарнобыльскага шляху калона дэманстрантаў, не растраціўшы эмацыянальны запал, накіравалася ў бок вуліцы Сурганава. Наперадзе ішла моладзь са сцягам. Недалёка ад тралейбуснага прыпынку каля “Мак-Дональдса” на людзей напаў ланцуг спяцназаўцаў. Яны кінуліся на людзей і пачалі збіваць. Групу моладзі са сцягам акружылі амапаўцы ў чорнай форме. Яны запатрабавалі зняць сцягі, але хлопцы адмовіліся. Міліцыянты пачалі вырываць сцяг з рук. Яны ўхапілі ў кола частку моладзі, а тых, хто стараўся вырвацца, збівалі. Потым хутка зацягнулі моладзь у аўтобус, не заўважаўшы, што сярод затрыманых апынулася дзяўчынка гадоў дзесяці, без бацькоў. Яна заплакала, у яе па твары цекла кроў. Аўтобус спыніўся і дзяўчо высадзілі, пакінуўшы пасярод вуліцы. Затрыманую моладзь павезлі ў Цэнтральны РАУС на вул. Арлоўскую.

Каля Цэнтральнага РАУСА ў 21.00 знаходзілася група дзяжурных з “Бацькоўскай ініцыятывы.” Праз хуткі час да іх далучыліся журналісты з незалежных выданняў і інфармацыйных агенстваў. Юнакі, якіх міліцыянты выводзілі з аўтобуса і вялі ў будынак, паспелі скласці спіс затрыманых і перадаць бацькам. Калі імёны сталі вядомымі, да РАУСА пад’ехалі сябры і родныя, стварыўшы моцны салідарны натоўп.

Бацькам было значна лягчэй, калі яны ведалі, дзе знаходзяцца іх дзеці.Сюды ж прыбілі назіральнікі ад Беларускага Хельсінскага Камітэта - Надзея Клімовіч і Андрэй Кім. З імі абышліся не надта ветліва, іх кінулі ў кабінет РАУСа, дзе яны правялі некаторы час.

У гэты час міліцыянты ў адкрытую вялі здымкі людзей на кінакамеру. Моладзь пачала жартаваць з супрацоўнікаў і пазіраваць для камеры. Міліцэйскай машына, што стаяла ў двары РАУСа, была за хвіліну ўпрыгожана бел-чырвона-белымі сцяжкамі.

Склаўшы пратаколы, міліцыянты праз гадзіну пачалі выпускаць затрыманых. Кожнага выходзіўшага сябра моладзь вітала поклічамі “Жыве Беларусь!” і воплескамі.

Пасля 23 гадзін усіх маладзёнаў адпусцілі дадому.