Насупраць будынку КДБ прайшоў "Ланцуг памяці"
29 кастрычніка ў неафіцыйны дзень памяці ахвяраў таталітарызму каля 150 чалавек расцягнуліся ўздоўж праспекту Незалежнасці ля сцен КДБ і запалілі знічкі. Памятныя мерапрыемствы адбыліся і ў іншых гарадах краіны.
Акцыя памінання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ладзілася з ініцыятывы Мікалая Статкевіча.
Міліцыя склала пратаколы на Уладзіміра Някляева і Мікалая Статкевіча, а таксама на лідара АГП Анатоля Лябедзькі, піша novychas.by (на сайце таксама можна паглядзець фотарэпартаж) .
Як паведамляе сайт spring96.org, памятныя мерапрыемствы ў гэты дзень прайшлі таксама ў іншых гарадах краіны.
Жыхары горада Пружаны ў Брэсцкай вобласці прынеслі знічкі да будынка былога Пружанскага аддзела НКВД, дзе некалі катавалі ксяндза Казіміра Свёнтака, паведамляе nn.by.
У Баранавічах грамадскія актывісты і праваабаронцы ўшанавалі памяць ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі каля Крыжа ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Віцебскія актывісты таксама ўшанавалі памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій. 29 кастрычніка група актывістаў вырашыла паставіць на ўзлеску каля вёскі Хайсы новы крыж.
Прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) правялі акцыю, прымеркаваную да Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій, у Брэсце. Акцыя адбылася на Трышынскіх могілках Брэста каля помніка ахвярам сталінскіх лагераў.
У Магілёве на месцы масавых расстрэлаў грамадзян, якія адбываліся ў 1920-30 гады, мясцовыя актывісты Таварыства беларускай мовы ўсталявалі Крыж памяці. Сродкі на яго зьбіралі талакою.
Нагадаем, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году, у сутарэннях мінскай унутранай турмы НКВД былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі - літаратары, дзяржаўныя дзеячы і навукоўцы.
Пакінуць новы каментар