На даклад аб дыскрымінацыі беларускамоўных салігорскія ўлады адказалі адпіскай
Салігорскі райвыканкам разгледзеў даклад аб выкананні правоў беларускамоўных грамадзян у рэгіёне. Парушэння моўнага заканадаўства чыноўнікі не заўважылі, а прадстаўленыя праваабаронцамі ў дакладзе факты дыскрымінацыі ўвогуле праігнаравалі.
Адзіную рэакцыю салігорскіх уладаў выклікала тэма беларускамоўнага навучання. Старшыня райвыканкаму Аляксандр Рымашэўскі фактычна пацвердзіў адсутнасць беларускіх школ і садкоў у горадзе, абгрунтаваўшы гэта наяўнасцю садкоў і школ з беларускай мовай у сельскай мясцовасці.
Па словах кіраўніка раёну, павелічэнне колькасці беларускамоўных садкоў ці груп, беларускамоўных школ ці класаў можа адбыцца толькі на падставе заяў бацькоў вучняў, але такія заявы нібыта адсутнічаюць.
"Чыноўнікі вельмі часта хаваюцца за законамі, абгрунтоўваючы сваю няздольнасць ці сваё нежаданне змяняць жыццё людзей да лепшага. У сваім дакладзе мы нікога не абвінавачвалі і не крытыкавалі. Мы абсалютна канструктыўна прад’явілі канкрэтныя факты дыскрымінацыі, візуальна бачныя кожнаму. Уладам неабходна было ўсяго толькі скарыстацца нашай працай, каб выправіць праблемныя моманты і тым самым здабыць прадтрымку канкрэтнай часткі грамадства,– каментуе сайту ПЦ "Вясна" каардынатар працы па дакладзе Леанід Мархотка. – Салігорскія чыноўнікі, на жаль, даслалі нам адпіску, падаслаўшы саломку ў выглядзе недасканалага закону. Так, айчыннае заканадаўства не мае дастатковага механізму абароны ад моўнай дыскрымінацыі, але чыноўнікі мусяць кіравацца не толькі літарай, але і духам закону".
На думку праваабаронцы, дух Закона “Аб мовах” палягае ў роўнасці носьбітаў беларускай і рускай моваў. І ўжо ніяк не замінае існуючае моўнае зканадаўства пры наяўнасці добрай волі ў чыноўнікаў гэтую роўнасць забяспечыць. Закон абсалютна не перашкаджае салігорскім чыноўнікам павесіць шыльды ці інфармацыйныя матэрыялы ў выканкаме і іншых дзяржаўных установах на беларускай мове. Не замінае закон і стварэнню ў Салігорску беларускамоўных садкоў і школ.
Пакінуць новы каментар