На заводзе ў Мікашэвічах пазбаўляюцца рабочых з незалежнымі поглядамі
Інжынера па ахове працы мікашэвіцкага прадпрыемства «Граніт» Уладзіміра Табулу звальняюць, не працягваючы кантракт. Бацька чатырох дзяцей кажа, што працу знайсці будзе праблематычна.
Як распавёў Свабодзе Уладзімір Табула, яго апавясцілі, што кантракт з ім працягнуты ня будзе. Тлумачэнняў ён не дачакаўся, але мяркуе, што стаў непатрэбным, бо «задаваў шмат лішніх пытанняў»:
«Ніхто ня можа нават патлумачыць прычыну расстання са мной. Хаця, прычыны мне зразумелыя, за апошнюю палову года мяне пачалі дыскрымінаваць.»
Уладзімір кажа, што цяпер ня ведае, як будзе выжываць, акрамя чатырох дзяцей у яго тры крэдыты, а таксама завочнае платнае навучанне ва універсітэце. Аднаму дзіцяці ад першага шлюбу Уладзімір сплачвае аліменты. Спадар кажа, што перспектываў знайсці працу ў Мікашэвічах няма.
Суразмоўца, кажа, што спрабаваў дабіцца хоць якой працы на «Граніце», кіраўніца афіцыйнага прафсаюзу на прадпрыемстве абяцала пагаварыць пра гэта з генеральным дырэктарам Эдуардам Гаўрылковічам. Аднак пасля выхаду на адным зь мясцовых сайтаў артыкулу пра звальненне інжынера, а таксама пасля скаргі ў аблвыканкам Уладзімеру Табулу намякнулі, што цяпер яму працы чакаць ня варта.
«Вяртаўся ў аддзел пасля праверкі, мяне спыніла кіраўніца прафсаюзу, якая сказала, што я, маўляў, нарабіў. Кажа, што размаўляла з генеральным дырэктарам, пераканала, і ён быў гатовы мяне прыняць. А тут, маўляў, вось такое — артыкул выйшаў, і ліст з Брэста прыйшоў. Цяпер, кажа, вас ужо не пакінуць...», — расказаў Уладзімір Табула.
Актывісты Беларускага незалежнага прафсаюзу выказваюць меркаванне, што звальненне Уладзімера Табулы можа быць рэакцыяй на яго кантакты з сябрам гэтага прафсаюзу Леанідам Дубаносавым, які цяпер мае славу «мясцовага апазіцыянера».
Звольнены з «Граніту» пасля рабочага пратэсту 2011-2012 году прафсаюзны лідар Алег Стахаевіч кажа, што шляхам звальнення адміністрацыя «імкнецца не дапусціць пратэсту рабочых»:
«Гэта адгалоскі разгону незалежнага прафсаюзу на „Граніце“. Адміністрацыя імкнецца прадухіліць аб’яднанне людзей для адстойвання сваіх інтарэсаў. Не працягваюць з Уладзімерам кантракт толькі з-за таго, што чалавек кантактуе з Леанідам Дубаносавым. Працуюць на апераджэнне. Узгадаем нядаўнія звальненні Івана Самуйліка і Уладзімера Крывава. Таксама, якія аргументы былі іх звальняць? Ніякіх. Выдатныя працаўнікі, кіроўцы „Белазаў“, сем’яніны з вялікім аўтарытэтам. Кіраўніцтва „Граніту“ загадзя ведае, што сітуацыя з заробкамі будзе пагаршацца, і такім чынам мяркуе папярэдзіць аб’яднанне працаўнікоў».
Чатыры гады таму на мікашэвіцкім прадпрыемстве па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» адбыўся масавы пратэст працаўнікоў, які патрапіў на перадавіцы незалежных СМІ. У снежні 2011 году некалькі сотняў працаўнікоў напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполку Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу адчулі ціск на сябе з боку адміністрацыі.
Некалькі арганізатараў пратэсту былі звольненыя з прадпрыемства па розных прычынах. Большасць з іх так і ня здолелі знайсці працу на радзіме ў Мікашэвічах, некаторыя мусілі працаўладкоўвацца нават за мяжой.
Тым ня меней, пратэст часткова дасягнуў сваёй мэты — заробкі працаўнікоў значна выраслі. Аднак цяпер, як распавядае прафсаюзны лідэр Алег Стахаевіч, заробкі ізноў пачалі зніжацца.
Пакінуць новы каментар