На мітынгу прадпрымальнікаў скандавалі “Работу!”, “Далучайся!”, “Салідарнасць!”
У Мінску на Кастрычніцкай плошчы адбыўся мітынг прадпрымальнікаў супраць указу прэзідэнта №222, які пачаў дзейнічаць ад пачатку году і паралізаваў працу малога бізнесу.
На акцыю сабралося блізу 700 індывідуальных прадпрымальнікаў. Іх прыйшлі падтрымаць некаторыя палітыкі, сярод якіх былі Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў, Мікола Статкевіч, Дзмітрый Кучук, Павал Севярынец.
На мітынгу таксама выступалі лідары прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў, Алесь Талстыка, Мікола Чарнавус, старшыня Савета прадпрымальнікаў Слуцку з імем Соф’я.
Алесь Макаеў прачытаў вытрымкі з петыцыі, напісанай пры падтрымцы Руху салідарнасці Разам.
Алесь Талстыка нагадаў, што Лукашэнка на пачатку сваёй палітычнай кар’еры сцвярджаў, што ён за вольнае прадпрымальніцтва. Чаму ж зараз ён прадпрымальнікаў абражае?
Выступоўца са Слуцку адзначыла, што зараз праходзіць вялікі агульгнарэспубліканскі сход малога бізнэса Беларусі, на якім сабраліся людзі, якія засталіся без працы з-за ўказа №222. У Слуцку, паводле яе слоў, такіх прадпрымальнікаў каля 700. “Мы маемм права на працу! Дайце нам працу! Чаму падаюць заробкі ў людзей, чаму не індэксуецца пенсія?” – рытарычна запыталася прамоўца. Жанчына паведаміла пра намер перадаць Адміністрацыю прэзідэнта зварот пра тое, што ўказ №222 знішчальны для малога бізнэса і сабрацца на Кастрычніцкай плошчы праз тыдзень.
І палітыкі, і бізнэсоўцы з прыступак Палаца Рэспублікі заклікалі прадпрымальнікаў яднацца і далучацца да акцыі пратэсту, бо толькі калі пратэст будзе масавым, ён будзе пачуты ўладамі.
Мікола Статкевіч: Краіна захоплена бандай. Пакуль народ не верне ўладу сабе, будзе толькі горш!
Анатоль Лябедзька: "Я прынёс вам мегафон. Падыходзьце, кажыце гучна пра вашыя праблемы! Нельга баяцца. Не здавайцеся. Калі кропка ціснуць на лідэраў, станавіцеся на іх месца."
Уладзімір Някляеў: "Я таксама ў пэўным сэнсе прадпрымальнік. Кожны, хто хоча дабрабыту сабе, сваёй сям’і, хто хоча збудаваць свой дом і жыць заможна – прадпрымальнік. Што ты ў сваім жыцці прадпрымеш, тое будзеш мець."
Час ад часу ўдзельнікі акцыі пратэсту скандавалі лозунгі “Жыве Беларусь!”, “Перамога”, “Не бойцеся!”
Палітык Павал Севярынец пазітыўна ацаніў сённяшнюю акцыю:
"Акцыя добрая. Прагнозы былі, што збярэцца 60-100 чалавек. Мы сёння бачым сотні людзей. Калі ў наступны панядзелак збярэцца яшчэ больш людзей, гэта будзе паказнікам таго, што прадпрымальнікі гатовыя адстойваць свае правы. Кепска тое, што пратэсты адбываюцца на фоне таго, што Еўропа дае індульгенцыю Лукашэнку і здымае санкцыі, але ёсць Бог, ёсць беларускі народ, трэба стаяць на сваім, праяўляць салідарнасць. БХД будзе дапамагаць. Мы прапануем стварыць камітэт выратавання прадпрымальніцтва, дзе хочам аб’яднаць высілкі ўсіх тых, хто згодны з іх патрабаваннямі".
Паводле яго слоў, 25 лютага а 14-й будзе сустрэча, падчас якой будзе стварацца міжпартыйны камітэт выратавання прадпрымальніцтва.
Самі прадпрымальнікі вырашылі даслаць звароты са сваімі патрабаваннямі ў Савет міністраў і Адміністрацыю прэзідэнта і зноўку сустрэцца праз тыдзень на Кастрычніцкай плошчы, каб абмеркаваць афіцыйныя адказы на звароты і вырашыць, што рабіць надалей.
Пакінуць новы каментар