На свабодзе яшчэ адзін палітвязень
25-га траўня з гомельскай жаночай турмы на волю выйшла праваабаронца Кацярына Садоўская. Нагадаем, што праваабаронцу прусудзілі да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму за патрабаванне правесці псіхіятрычнае абследванне Аляксандра Лукашэнкі, а таксама нібыта за абразу судзей.
60-гадовая Кацярына Садоўская ўзначальвае беларускую філію Пскоўскага рэгіянальнага грамадзкага руху “Веча”. Праваабаронца неаднойчы арганізоўвала пікеты з патрабаваньнем датрыманьня правоў чалавека ў Беларусі. Яна прысутнічала ў судах, дапамагала людзям, якія да яе зьвярталіся з просьбаю дапамагчы ім бараніць свае правы ў пракуратуры і міліцыі. Садоўскую шмат разоў арыштоўвалі і штрафавалі за праваабарончую дзейнасьць.
Спачатку Кацярыну Садоўскую абвінавачвалі ў тым, што яна нібыта зьневажала судзьдзю Кіраўскага раённага суду і пагражала ёй. Падставай для завядзеньня крымінальнай справы стаў запіс з аўтаадказьніка судзьдзі. Голас на стужцы зьневажае судзьдзю і згадвае прозьвішча Садоўскай, якая летась бараніла аднаго грамадзяніна на працэсе ў гэтай судзьдзі. Да справы далучылі лісты з пагрозамі і праклёнамі, якія судзьдзя атрымала па пошце.
Напрыканцы сьледчых дзеяньняў Кацярыну Садоўскую абвінавацілі і ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. Падставай для гэтай справы стаў зварот арганізацыі за подпісам Садоўскай ад 21 студзеня. У ім праваабаронца патрабавала псыхіятрычнай экспэртызы Аляксандра Лукашэнкі, заклікала да байкоту прэзыдэнцкіх выбараў і абвінавачвала расейскія спэцслужбы ў падтрымцы беларускага ўраду.
Сваякі Кацярыны Садоўскай непакояцца станам яе здароўя. Садоўская хворая на цукровы дыябэт, незадоўга да арышту перанесла складаную апэрацыю. Муж Кацярыны Віктар Садоўскі, інвалід.