На Сяргея Гіркіна складзены пратакол за распаўсюд незарэгістраванай прадукцыі
Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні складзены ўчора ў Магілеве на грамадскага актывіста, інваліда дзяцінства Сяргея Гіркіна. Ён абвінавачаны ў парушэньні артыкулу 22.9 КаАП РБ (рапаўсюд незарэгістраванай друкаванай прадукцыі) і можа быць пакараны грашовым штрафам да 20 базавых велічыняў.
Нагадаем, што Сяргей Гіркін быў затрыманы яшчэ ў пятніцу, калі Магілёў наведвалі ўдзельнікі аўтапрабегу, прысьвечанаму Зьмітру Дашкевічу, нібыта для высвятленьня асобы. Пры ім было знойдзена 6 асобнікаў “Весьніка кампаніі ў абарону свабоды веравызнаньня” без выходных дадзеных. У пастарунку быў складзены пратакол аб выняцьці гэтай прадукцыі.
Але ў адзьдзяленьні міліцыі актывісту зрабілася блага і праваахоўнікі былі вымушаныя выклікаць хуткую мэдычную дапамогу, якая даставіла Гіркіна ў шпіталь. У панядзелак ён мусіў быў прыйсьці да начальніка аддзелу прафіляктыкі і правапарадку.
Як стала вядома ПЦ “Вясна”, разам з Сяргеем Гіркіным ў міліцыі пры размове плянаваў прысутнічаць магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель, аднак старэйшы лейтэнант Пахоменка не дазволіў зрабіць гэтага, зявіўшы, што КаАП для яго важней, чым артыкулы Канстытуцыі Беларусі, якія прадстаўляюць грамадзянам такое права.
Цяпер Сяргей Гіркін рыхтуецца да суду, дата якога пакуль невядомая. Справа ў тым, што факту распаўсюду "Весьніка..."насамрэч не было і міліцыянты ліхаманкава шукаюць сьведкаў, якія б маглі падцьвердзіць іх вэрсію.
Па інфармацыі ПЦ Вясна