На Сяргея Парсюкевіча склалі пратакол за налепку "BY" на машыне

Parsjukevic1.jpg

Белая з чырвонай паласой налепка "ВY" на машыне Сяргея Парсюкевіча, актывіста Руху "За Свабоду", стала прычынай для складаньня адміністрацыйнага пратаколу. У момант затрыманьня актывіста ён моўчкі заклеіў сабе рот скотчам, каб пасьля яго не змаглі абвінаваціць у нецэнзурнай лаянцы.

 

Супрацоўнікі ДАІ сустрэлі Сяргея Парсюкевіча ў надворку ягонага дому па вуліцы Чапаева й правялі ў машыне несанкцыянаваны ператрус. Актывіст мяркуе, што міліцыянты шукалі ўлёткі іншыя друкаваныя матэрыялы, прысьвечаныя "Эўрапейскаму маршу", якіх за апошнія некалькі дзён па Віцебску было распаўсюджана вельмі шмат.

Нічога не знайшоўшы, супрацоўнікі ДАІ склалі пратакол за налепку "незарэгістраванага ўзору", аднак копію пратакола чамусьці не пакінулі. Да таго ж затрыманаму не патлумачылі ягоныя правы й абавязкі.

Засьцерагаючыся ад магчымых правакацый, Сяргей Парсюкевіч дэманстратыўна заклеіў рот скотчам, каб потым у пратаколе не зьявіліся радкі пра тое, што ён нецэнзурна выражаўся. Паводле падобных абвінавачанняў яму, былому маёру міліцыі, ужо неаднойчы даводзілася адбываць "суткі" напярэдадні буйных палітычных акцыяў.

Размаўляць з міліцыянтамі затрыманы пачаў толькі тады, калі на месца здарэнья зьехаліся сьедкі – ягоныя сябры й журналісты. Разам са сьедкамі давялося ехаць і ў абласную ўправу ДАІ – каб усё ж забраць копію пратаколу. На разгляд пратаколу ў Віцебскай абласной управе ДАІ Сяргею Парсюкевічу належыць зьявіцца у суботу, 13-га кастрычніка.