На 12 сутак асуджаны актывіст «Маладога Фронту»
Моладзевага актывіста Сяржука Гумінскага судзілі 17 красавіка ў аршанскім гарадскім судзе, незважаючы на выходны дзень паведаміла Хартыя`97. Судзьдзя Сяргей Бондараў прызнаў Гумінскага вінаватым у дробным хуліганстве. Паводле судовае пастановы, моладзевы актывіст мусіць 12 сутак правесьці ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста арганізацыі “Малады фронт” 16 красавіка ўвечары. Афіцыйная прычына затрыманьня – нецьвярозы стан і брыдкаслоўе ў грамадзкім месцы. Аднак мэдычная экспэртыза не пацьвердзіла, што Сяржук Гумінскі ўжываў алькаголь. А ў якасьці сьведак антыграмадзкіх паводзінаў моладзевага актывіста на судзе выступілі толькі міліцыянты, якія праводзілі затрыманьне.
Паплечнікі Гумінскага лічаць ягонае затрыманьне прэвэнтыўнай мерай — каб хлопец ня ўдзельнічаў у агульнагарадзкой акцыі, прысьвечанай Чарнобыльскай трагедыі. Заяўку на правядзеньне агульнагарадзкой імпрэзы ў суботу, 28-га красавіка, мясцовыя актывісты ўжо падалі ў выканкам. Сяржук Гумінскі мае вызваліцца толькі 29-га красавіка.