Некалькі беларусаў далучыліся да галадоўкі салідарнасці з Надзеяй Саўчанкай
Чацвёра беларусаў, якія уваходзяць у незарэгістраваную Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Свабода), ад 15 лютага пачалі галадоўку салідарнасці з украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанкай, якую баевікі ў Данбасе узялі ў палон і перадалі ў Расію.
Пра гэта Свабодзе паведаміў кіраўнік партыі Сяргей Скрабец:
«Акрамя мяне, гэта Валер Быкаў, Андрэй Астрэйка і мой малодшы брат Аляксандр. Вырашылі, што кожны зможа галадаць да канца лютага. Праз гэтую акцыю мы хочам паказаць сваю падтрымку народу Украіны, які мужна змагаецца з расейскай агрэсіяй».
«Свабоду Надзеі Саўчанцы — мы галадаем» — так называецца агульнаеўрапейская акцыя салідарнасці з украінскай лётчыцай, якая больш за 40 дзён галадае ў расейскай турме, чакаючы прысуду.
Ініцыявала акцыю група дэпутатаў з Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, нагадвае Радыё Свабода.
Данецкі гарадскі суд Растоўскай вобласці працягвае разглядаць справу выкрадзенай украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі.
7 снежня 2015 году суд у горадзе Данецку Растоўскай вобласці падоўжыў арышт грамадзянкі Украіны Надзеі Саўчанкі да 16 красавіка 2016 году. Ад 18 снежня Саўчанка абвясціла галадоўку пратэсту. Паводле адвакатаў, пасля абвяшчэння прысуду украінка плануе абвясціць сухую галадоўку, патрабуючы вызвалення.
Надзею Саўчанку ў Расеі абвінавачваюць у забойстве двух супрацоўнікаў расейскага тэлебачання, а таксама ў замаху на забойства групы сепаратыстаў і незаконным перасячэнні расейскай мяжы.
Саўчанка і яе абарона абвінавачанні адкідаюць і заяўляюць, што на момант гібелі расейскіх журналістаў яе ужо захапілі ў палон сепаратысты, а потым яна была гвалтам перапраўлена ў Расію.
Пакінуць новы каментар