Новая крымінальная справа супраць маладафронтаўца?

Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Арцём Ластавецкі распавёў “Свабодзе”, што, паводле сьледчых баранавіцкай міліцыі, супраць яго распачалі крымінальную справу.

Арцёма затрымалі 16 траўня, калі ён наносіў чырвонай фарбай надпіс “Свабоду Андрэю Кіму!”.

Арцём Ластавецкі паведаміў “Свабодзе”, што 16 траўня ў Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі ён нанёс пяць надпісаў “Свабоду Андрэю Кіму!” на адміністрацыйныя будынкі. Баранавіцкія міліцыянты затрымалі яго, калі ён наносіў надпіс пяты раз. У хлопца ў руцэ быў балёнчык з чырвонай фарбай. Арцём распавёў, што ён ня стаў адпірацца і прызнаўся ў палітычных графіці.

Гаворыць Арцём Ластавецкі:

“Мяне затрымалі ў той момант, калі я наносіў надпіс на сьцяну. Таму я й не адпіраўся. Я наносіў надпісы на знак салідарнасьці з Андрэем Кімам. Лічу незаконным тое, што яго пазбавілі волі. 16-га мяне затрымалі, а пасьля гэтага маё кіраўніцтва на працы правяло са мной размову і вымушаны быў пасьля гэтага звольніцца”.

Міліцыянты спачатку абвінавацілі Арцёма ў дробным хуліганстве. Ноч 20-гадовы хлопец правёў у пастарунку баранавіцкай міліцыі. У суботу яго судзілі і пакаралі штрафам.

Пасьля гэтага маладафронтаўца запрасілі ў сьледчы аддзел, дзе яму паведамілі, што супраць яго будзе распачатая крымінальная справа.

Арцём Ластавецкі пасьля заканчэньня вучэльні працаваў на будаўніцтве дарог. Калі адміністрацыя даведалася, што Арцёма судзілі за ўдзел у палітычнай акцыі, яго звольнілі з працы.

Заўтра, 20 траўня, Арцём мусіць наведаць сьледчых. Яны яму паведамяць, паводле якога артыкулу Крымінальнага кодэксу распачатая справа. Калі яго абвінавацяць у графіці, то паводле нормаў Крымінальна-працэсуальнага Кодэксу ён мусіць заставацца да суду на волі.

 

 

Паводле Радыё Свабода