Новыя акалічнасьці сьвяткаваньня Дня Волі ў Магілёве
Адзін з жыхароў абласнога цэнтру Валадар Цурпанаў вывесіў на сваім бальконе бел-чырвона-белы сьцяг — здымаць яго прыязджалі пажарнікі.
Неабыякавы грамадзянін жыве на праспэкце Пушкіна. Раніцай 25 сакавіка ён вырашыў у гонар сьвята павесіць на бальконе нацыянальны сьцяг. Прыкладна праз паўгадзіны ў дзьверы кватэры пазванілі міліцыянты. Цурпанаў не пусьціў іх, патлумачыўшы празь дзьверы, што нікога не выклікаў, паведамляе “Радыё Рацыя”.
Ахоўнікі правапарадку сыйшлі, і яшчэ праз паўгадзіны да дому пад’ехала пажарная аўтавышка. Цурпанаў дачакаўся, пакуль пажарнік паднімецца да ягонага балькону й сам зьняў сьцяг. Відавочна, чакаючы працягу нейкіх дзеяньняў, некалькі гадзінаў побач з домам Цурпанава дзяжурыў нарад міліцыі.
Паводле бухгалтара Міністэрства па надзвычайных справах Вікторыі Егеравай, кошт аднаго выезду аўтавышкі залежыць ад году выпуску аўтамабіля й колькасьці задзейнічаных людзей. У сярэднім, ілжывы выклік адной машыны каштуе каля 70 тыс. рублёў. У апэрацыі па выдаленьні сьцяга ўдзельнічалі тры машыны.
Намесьнік начальніка абласнога ўпраўленьня ўнутраных справаў палкоўнік міліцыі Алёнушкін не ўпадабаў фармулёўку "ілжывы выклік" датычна зьяўленьня пажарнікаў каля дому, дзе нічога не здарылася. Ён патлумачыў усё тым, што "балькон быў скарыстаны ў якасьці незарэгістраванай сымболікі".
Інфармацыя: Хартыя 97