Новы палітвязень Юрый Рубцоў накіраваны на “хімію”, дзе сядзеў Севярынец
21 снежня стала вядома аб накіраванні гомельскага грамадскага актывіста Юрыя Рубцова ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу №7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.
Як нагадвае сайт spring96.org, 6 кастрычніка 2014 года Юрый Рубцоў быў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Мінска па арт. 391 Крымінальнага кодэкса (“знявага суддзі”) на 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.
Крымінальны пераслед Юрыя Рубцова звязаны з ягоным адвольным затрыманнем 28 красавіка 2014 года падчас санкцыянаванага мірнага сходу “Чарнобыльскі шлях” за майку з надпісам “Лукашенко, уходи!” і асуджэннем на 25 сутак адміністрацыйнага арышту суддзёй суда Савецкага раёна Мінска Кірылам Палулехам.
Згодна з прад’яўленым Юрыю Рубцову абвінавачваннем, падчас судовага разбіральніцтва ён дапусціў абразлівыя выказванні ў адрас суддзі Кірыла Полулеха. Важна адзначыць, што ў суд Юры Рубцоў быў дастаўлены аголены па пояс, у выглядзе, які абражаў ягоную чалавечую годнасць, а суддзя пры гэтым не прыняў ніякіх мер, скіраваных на абарону ягоных правоў, а таксама на ягоныя просьбы выдаць яму акуляры для азнаямлення з матэрыяламі справы.
Дзеянні суддзі відавочна супярэчылі Кодэксу Рэспублікі Беларусь “Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў”, а таксама Кодэксу гонару суддзі Рэспублікі Беларусь. Заўвагі Юрыя Рубцова да пратакола судовага паседжання, накіраваныя ім у суд, былі адхіленыя гэтым жа суддзёй, як неабгрунтаваныя. У сувязі з грубым парушэннем сваіх правоў Юрый Рубцоў выказаў цалкам абгрунтаваную незадаволеннасць і пратэст, назваўшы падобныя судовыя працэсы “судзілішчам”, а суддзяў, які выносяць незаконныя судовыя рашэнні, “падонкамі”.
У аснову вынесенага прысуду былі пакладзены выключна паказанні супрацоўнікаў міліцыі (у тым ліку тых, якія “сведчылі” на працэсе 28 красавіка), сакратара судовага паседжання і самога суддзі К. Палулеха. Ні падчас папярэднягя следства, ні падчас судовага разбіральніцтва дадзенай крымінальнай справы не быў дапытаны як сведка адвакат Юрыя Рубцова, якія ўдзельнічаў падчас разгляду справы 28 красавіка ў якасці ягонага абаронцы. Ніякіх працэсуальных перашкодаў да допыту адваката ў якасці сведкі згодна з дзеючым Крымінальна-працэсуальным заканадаўствам не было.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” і РГА “Беларускі Беларускі Хельсінскі камітэт” лічаць, што следства і судовы працэс па справе Юрыя Рубцова насілі абвінаваўчы ухіл, не былі прыняты меры для ўсебаковага і бесстаронняга разгляду, што з’яўляецца адным з неабходных складнікаў справядлівага судовага разбіральніцтва.
Абмежаванне волі Юрыя Рубцова ў папраўчай установе адкрытага тыпу дае падставы кваліфікаваць яго як палітычнага вязня.
ПЦ “Вясна” і РГА “БХК” патрабуюць вызвалення Юрыя Рубцова і перагляду ягонай справы ў адпаведнасці з прынцыпамі справядлівага судовага разбіральніцтва.
Фота nn.by
Пісаць лісты падтрымкі Юрыю Рубцову можна на адрас:
225140, Брэсцкая вобл, Пружанскі раён, в. Куплін, папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №7
Пакінуць новы каментар