Някляеў і Статкевіч на 22 верасня выкліканыя ў суд
Былы палітвязень Мікалай Статкевіч і лідар стваранага грамадскага руху "За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі" Уладзімір Някляеў на 22 верасня выкліканыя ў суд Цэнтральнага раёна Мінска, паведаміў БелаПАН старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Паводле яго слоў, абодва палітыкі зараз знаходзяцца за межамі Беларусі. "Ніхто ім у рукі позвы не ўручаў, яны за іх не распісваліся. Хутчэй за ўсё, яны ведаюць гэтую інфармацыю ад дамашніх. Наколькі я ведаю, гэтыя паведамленні з найгрубейшымі працэдурнымі парушэннямі", — сказаў Лябедзька.
Позвы ў суд хутчэй за ўсё дасланыя ў сувязі з правядзеннем 10 верасня каля ГУМа несанкцыянаванага пікета "За сумленныя і свабодныя выбары", у якім бралі ўдзел Статкевіч і Някляеў. У дачыненні да абодвух палітыкаў тады былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы.
Сам Мікола Статкевіч ў суд у аўторак ісці не збіраецца. Больш за тое, ён рыхтуе на 23 верасня яшчэ адно публічнае мерапрыемства - сустрэчу з выбарцамі:
"Вось гэты выклік у суд, я лічу, ёсць спробаю запалохаць іншых перад мерапрыемствам 23 верасня на Плошчы Свабоды. Я нават не хацеў даваць гэтую інфармацыю, распавёў пра гэта толькі Лябедзьку, але Анатоль паспяшаўся давесці яе да публікі. Трэба перастаць баяцца, у нашых дзеяннях няма нічога супрацьзаконнага. Паводле заканадаўства, падчас агітацыйнай кампаніі мы маем права крытыкаваць праграмы кандыдатаў у прэзідэнты, так што дзейнічаем мы ў рамках закона, таму ні ў які суд я не пайду. Няхай выклікаюць афіцыйнай позвай", - распавёў палітык "Новаму Часу"
Нагадаем, Статкевіч пасля выхаду на волю 22 жніўня пастаўлены на прафілактычнае назіранне на восем гадоў
Пакінуць новы каментар