Павалу Севярынцу прадпісана сёньня, у 15.30 зьявіцца ў РУУС па позьве.

pavel01230507.jpg

Нагадаем, што ўчора ў Берасьці каля 30 чалавек былі затрыманыя падчас сустрэчы з Павалам Севярынцам, сустаршынём Аргкамітэту па стварэньні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. На паседжаньне, якое а 15.00 распачалося ў памяшканьні Берасьцейскае ўправы Партыі БНФ, уварваліся некалькі дзесяткаў супрацоўнікаў міліцыі й КДБ. Усіх прысутных вывезьлі на спецмашынах у Маскоўскі РУУС г. Берасьця, склалі пратаколы й тлумачальныя й адпусьцілі. Паўлу Севярынцу ўручылі позву, згодна якой ён абавязаны сёньня, а 15.30 зьявіцца ў РУУС для разьбіральніцтва.

Падставай для адміністрацыйнага перасьледу удзельнікаў сустрэчы зьяўляецца “удзел у масавым несанкцыянаваным мерапрыемстве колькасцю 28 чалавек”. Сярод затрыманых ўчора актывісты мясцовых палітычных партыяў БНФ, АГП, руху “За Свабоду”, сябры грамадскіх арганізацыяў і рэлігійных грамадаў гораду. У затрыманых перапісвалі пашпартныя дадзеныя й адводзілі на допыт па тры чалавека. Каля 23.00 усе затрыманыя былі адпушчаныя.

“Падзеі учорашняга дня ускалыхнулі Берасьце. Каля 22.00 ля будынку Маскоўскага РУУСа сабраліся некалькі дзесяткаў чалавек, якія патрабавалі выпусьціць затрыманых і не заводзіць адміністрацыйныя справы,”- гаворыць Андрэй Любянчук, берасцейскі каардынатар Аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.