Пададзена канчатковая скарга на прысуд Фінькевічу
Адвакатка Ганна Бахціна падала скаргу на прысуд моладзеваму актывісту Артуру Фінькевічу, якога асудзілі на паўтара году зьняволеньня за парушэньні рэжыму адбыцьця ранейшага пакараньня.
У сваёй скарзе Ганна Бахціна даводзіць, што прысуд Артуру Фінькевічу незаконны, бо Артур не парушаў наўмысна рэжыму адбыцьця пакараньня абмежаваньнем свабоды, за што яго пакаралі паўтара гадамі калёніі.
“Парушэньні, якія ён нібыта зрабіў, ня мелі на мэце парушыць рэжым “хіміі”, яны рабіліся з паважных прычын. Прыкладам, калі ён выйшаў са шпіталя, каб набыць булачку. І такіх сытуацыяў там шмат”.
Нагадаю, Артур Фінькевіч адбываў два гады “хіміі” ў Магілёве. Актывіст быў пакараны за графіці палітычнага зьместу. Ягоны тэрмін меўся скончыцца летась у лістападзе, але ў кастрычніку Артура Фінькевіча ўзялі пад варту і выставілі яму новае абвінавачаньне — у шматразовым парушэньні рэжыму адбыцьця “хіміі”. У сьнежні адбыўся суд, які прызнаў Артура Фінькевіча вінаватым і прысудзіў яго да году з паловай калёніі. Між тым сваёй віны ў большасьці выпадкаў парушэньня рэжыму актывіст не прызнае. У судзе ён даводзіў, што раней спрабаваў аспрэчыць запісаныя яму парушэньні, але ягоныя скаргі нават не разглядаліся. Зараз лёс Артура Фінькевіча вырашыць Магілёўскі абласны суд. Дзень разгляду скаргі ў судзе яшчэ не прызначаны.
Днямі Артур Фінькевіч даслаў дамоў з турмы чарговы ліст. “Ён напісаў, што зь ім усё добра, просіць за яго здароўе не хвалявацца”, — паведаміла маці Артура Марыя Фінькевіч.
Адвакатка Ганна Бахціна, якая сустракалася з Артурам Фінькевічам у магілёўскай турме, кажа, што ён рэгулярна прымае лекі. У Артура Фінькевіча хворае сэрца. Падчас суду да яго выклікалі хуткую дапамогу.
Паводле Радыё Свабода