Падрабязнасьці затрыманьня ля помніку Дзяржынскаму
На перасячэньні вуліц К. Маркса і Леніна сёньян раніцай былі затрыманыя сябры моладзі БНФ Франак Вячорка, Сьцяпан Сьвідзерскі, Макар Ваўчок, Саша Клімовіч, Кацярына Рамашэўская і Наста Птушка. Моладзь затрымалі каля аддзелу міліцыі быццам бы для высьвятленьня асобаў. Падчас допыту прысутнічалі высокапастаўленыя асобы ў тым ліку начальнік гарадзкой міліцыі Аляксандр Найдзенка.
Пасьля зьяўленьня адваката Мар'яны Семяшко затрыманых пачалі выпускаць без складаньня пратаколаў. Напачатку выпусьцілі Франака Вячорку. Астатніх адвезьлі за 2 кілямэтры ад будынка РУУСа і таксама адпусьцілі.
Моладзевыя актывісты паведамілі, што хацелі зладзіць акцыю да дня народзінаў Дзяржынскага. Яны плянавалі ўскласьці цацачную зброю да помніка. "Каб такім чынам паказаць сутнасьць той структуры, заснавальнікам якой быў Дзяржынскі. Моладзь патрабуе зьнесьці помнік у цэнтры гораду", – патлумачыў адзін з удзельнікаў.